Займацца лясной аховай могуць толькі фізічна падрыхтаваныя людзі

5 октября 2015

Гэта даказалі кіраўнікі лясных гаспадарак краіны на спартакіядзе, якая адбылася у Маладзечне. 8 каманд – зборныя 6 абласцей, сталіцы і Міністэрства лясной гаспадаркі спаборнічалі у розных дысцыплінах. Антаніна Станкевіч пераканалася: у любой рабоце галоўнае – камандны дух.

Зладжаная каманда цэнтральнага рэгіёна да спаборніцтваў рыхтавалася даўно. Сярод удзельнікаў – дырэктары лясгасаў усіх раёнаў, а таксама абласное кіраўніцтва. Кожны з каманды абараняе гонар вобласці ў некалькіх дысцыплінах.

Валейбол, элементы гульні у футбол, дартс, настольны тэніс, більярд і яшчэ шэраг спартыўных дысцыплін. Кожны ўдзельнік прадстаўляе сваю каманду у адной ці дзвюх дысцыплінах. Ну а ў перапынках – магчымасць сустрэцца з калегамі. Дырэктар Лагойскага лясгаса прызнаецца: спартакіяда не толькі добрая магчымасць адпачыць, але і падстава пабачыцца з сябрамі.

Такія спаборніцтвы прымушаюць кіраўнікоў трымаць сябе ў форме – заўважае міністр лясной гаспадаркі. Бо ляснічы павінен быць як мінімум здаровым і ў добрым фізічным стане.

На працягу двух дзён ляснічыя спаборнічалі ў розных дысцыплінах. Па выніках спартакіяды лепшай аказалася зборная каманда Міністэрства лясной гаспадаркі.