У Барысаве прайшла спартакіяда сярод будучых чэмпіёнаў

19 мая 2017

Ад чаўночнага бегу і эстафет да выпрабаванняў з пачуццём гумару. У Барысаве ўпершыню прайшла спартакіяда сярод будучых алімпійскіх і сусветных чэмпіёнаў. Прысвяцілі свята Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту, які адзначаць у Беларусі заўтра, 20 мая. Нетыповае першынство прымаў гарадскі стадыён у Барысаве. На футбольнае поле выйшлі біятланісты, баскетбалісты, спартсмены лёгкай атлетыкі, плыўцы, каб спаборнічаць у хуткасці і спрытнасці. За медалі змагаліся 7 каманд - гэта выхаванцы спартыўных школ і вучылішча алімпійскага рэзерву. Сярод балельшчыкаў апынулася і наша здымачная група.

Расказвае Аляксандра Драгун: Нават з заплюшчанымі вачыма сем капітанаў адшукалі свае каманды. Хоць для некаторых у навіну спаборнічаць на сушы. Да перамог іх вядзе брас або кроль. Усляпую яны пераадолелі дыстанцыю з перашкодамі і далі старт святу спорту, які прымеркавалі да Дня работнікаў фізічнай культуры.

Нетыповае першынство прымае гарадскі стадыён у Барысаве. На полі з зялёным газонам выйшлі біятланісты, баскетбалісты, спартсмены лёгкай атлетыкі, плыўцы, каб узяць удзел у спартландыі. Спаборнічаюць на хуткасць і спрытнасць. Безумоўна, за медалі.

Выключэнне, бадай, каманда ў жоўтай форме. Зграбныя юнакі і дзяўчаты ўсе - баскетбалісты. Таму выпрабаванні з мячом у 600 грамаў – іх галоўнай працоўнай прыладай – прынеслі ім дадатковыя балы. Камандзе суседзяў жа пашанцавала менш - яны аматары зімовага віду спорту.

На старце – выхаванцы шасці спартыўных школ Барысава і філіяла Плешчаніцкага вучылішча алімпійскага рэзерву. У дружынах па 8 чалавек. Выпрабаванні рознага характару, ад чаўночнага бегу да эстафет. Дарэчы, некаторыя конкурсы не толькі на фізічную падрыхтоўку, але і на пачуццё гумару.

Падтрымаць будучых чэмпіёнаў прыйшлі іх славутыя землякі - спартсмены, якія прадстаўляюць нашу краіну на еўрапейскіх, сусветных і алімпійскіх спаборніцтвах. Сярод іх і ўдзельнік летняй Алімпіяды ў Рыа цяжкаатлет Павел Хадасевіч.

Спартакіяда ў такім фармаце прайшла ўпершыню ў Барысаве. Пераможцамі яе сталі выхаванцы спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву "Дружба". Свята здароўя плануюць зрабіць традыцыйным і натхніць больш каманд на ўдзел.