Цяжкая дарога ў фінал

22 апреля 2017

Пасля перамогі над галандкамі жаночая зборная Беларусі па тэнісе ўпершыню ў гісторыі апынулася ў чацвёрцы наймацнейшых на планеце. Сёння нашы дзяўчаты на "Чыжоўка-Арэне" пачалі сапраўдную бітву з камандай Швейцарыі.

Павел Капуцкі назіраў за першымі гульнямі паўфіналу Кубка Федэрацый. Сасновіч заходзіць на прэс-канферэнцыю пад апладысменты, хаця магло быць па-іншаму. Аляксандра адкрывала матчавую сустрэчу паядынкам з Вікторыяй Голубіч. Дзяўчаты сустракаліся на мінулым тыдні на турніры ў швейцарскім Біле, і тады наша тэнісістка перамагла. Сёння ў амаль трохгадзіннай бітве Сасновіч ізноў мацнейшая - 6:3, 5:7, 7:5, хаця ў рэйтынгу Голубіч на 42 пазіцыі вышэй.

У другім матчы наша Арына Сабаленка сустракалася з першым нумарам швейцарскай каманды і 22-й ракеткай свету Цімеа Бачынскі. Пасля траўмы запясця, з-за якой швейцарка ў сакавіку знялася з турніру ў амерыканскім Індыян-Уэлсе, яна адзіночку не гуляла. І ў гэтым гаспадары бачылі свой шанц.

Не спрацавала. 5 мая Сабаленцы споўніцца 19. У сустрэчы з дасведчанай Бачынскі ёй не хапіла менавіта вопыту - 4:6, 5:7.

Заўтра ў 12 гадзін на корт выйдуць Сасновіч і Бачынскі. Затым пазмагаюцца Сабаленка і Голубіч. Напрыканцы, калі спатрэбіцца, пройдзе парная сустрэча. Нашы дзяўчаты ў добрай форме і вельмі хочуць прадоўжыць пісаць гісторыю.