Спорт

Спампаваць

20 Сакавіка 2017 18:45

Рубрыка “Матчбол”

Мінскае "Юнацтва" ці гродзенскі "Нёман"? Сталі вядомыя фіналісты плэй-оф чэмпіянату краіны па хакеі. Гродзенскія хакеісты перамаглі "Гомель". А вось "Юнацтву" спатрэбіліся пяць матчаў, каб выбіць з розыгрышу салігорскі "Шахцёр". Рубрыка “Матчбол”. Расказвае Андрэй Казлоў.

Пасля вылету мінскага "Дынама" з плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі ўвага беларускіх аматараў спорту пераключылася на матчы нацыянальнага першынствА. І якраз у плэй-оф праходзяць самыя прынцыповыя і напружаныя гульні.

Вырашальным эпізодам усёй паўфінальнай серыі стаў, верагодна, вось гэты. Перад тым як "Юнацтва" закідвае шайбу і трэці раз запар перамагае, ветэран і вядомы беларускі хакеіст Андрэй Міхалёў не ўтрымліваецца на лёдзе і падае. Як ні стараўся галоўны трэнер "Шахцёра" Уладзімір Цыплакоў апраўдаць свайго форварда, у яго гэта не атрымалася.

Міхаіл Захараў, галоўны трэнер "Юнацтва", не аднойчы даваў каментарыі ў ракурсе рэфармавання нацыянальнага чэмпіянату. Спецыяліст зважаў на адсутнасць інтрыгі ў плэй-оф. Але "Шахцёр", няглядзечы на гэтыя словы, у чацвёртым матчы перамагае мінскі клуб. Тым не менш, у пятай сустрэчы супрацьстаяння "Юнацтва" зноў перамаге. У серыі - 4:1.

У апошнім матчы серыі гродзенскі "Нёман" і "Гомель" у асноўны час шайбаў не закінулі. І калі толькі пачаўся авертайм, хакеісты з захаду Беларусі сваёй мэты дасягнулі. У серыі перамога "Нёмана" - 4:0.

Першы фінальны матч паміж "Юнацтвам" і "Нёманам" пройдзе 25-га сакавіка.

Тым часам Беларусь рыхтуецца да правядзення чэмпіянату свету па тайландскім боксе. Прадстаўнікі гэтага віду спорту з нашай краіны шмат гадоў у лідарах самых статусных турніраў. Але хатні чэмпіянат свету ўсё ж такі незвычайны для кожнага.

Чэмпіянат свету пройдзе ў Мінску з 3-га па 12-га мая ў сталічным Палацы спорту. Цікава, што нашай краіне Міжнародная федэрацыя тайландскага боксу сама прапанавала правесці галоўныя спаборніцтвы планеты.

Адразу некалькі чэмпіёнаў свету прынялі ўдзел у чэмпіянаце Беларусі па муай-тай. Адзначым нашую дзяўчыну Алёну Ляшкевіч, якая летась стала лепшай на планеце, а ўжо сёлета з відавочнай перавагай стала пераможніцай нацыянальнага чэмпіянату.

Даволі сенсацыйны вынік у чвэрцьфінале футбольнага Кубка краіны. Мінскае "Дынама" па суме двух матчаў з "Дынама" брэсцкім завяршае барацьбу ў турніры. Гасцявых 2:2 і хатніх 0:0 хапіла брастаўчанам, каб выйсці ў паўфінал. Але на гэтым клуб спыняцца не збіраецца. Таксама ў паўфінал кубка выйшлі салігорскі "Шахцёр", жодзінскае "Тарпеда-БелАЗ" і барысаўскі БАТЭ.

На гэтым тыдні сочым за нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе. Сёння беларускія гульцы ўпершыню сабраліся пад кіраўніцтвам новага настаўніка Ігара Крывушэнкі. А 25 сакавіка “белыя крылы” згуляюць афіцыйны матч супраць Швецыі. Абавязкова глядзіце прамы эфір на тэлеканале “Беларусь 2”. Пачатак у 20 гадзін.

 

Iншыя навіны