Першы медаль беларускай зборнай на чэмпіянаце свету па водных відах спорту выйграла Аляксандра Герасіменя

27 июля 2017

Прыемная навіна прыйшла з Будапешта. Аляксандра Герасіменя выйграла першы медаль беларускай зборнай на чэмпіянаце свету па водных відах спорту. Наша "залатая рыбка" прымерыла бронзу на адной са сваіх каронных дыстанцый - 50 метраў на спіне.

Пачынаючы з папярэдняй стадыі, дзе Аляксандра паказала другі час, яна толькі паляпшала свае секунды. Па выніках паўфінальных заплываў Герасіменя была сёмай і ў фінале плыла па крайняй дарожцы. Выклаўшыся на дыстанцыі, беларуская плывуння паўтарыла рэкорд Еўропы, фінішаваўшы з часам 27,23 секунды. І ўстанавіла новае нацыянальнае дасягненне.

Ужо ў гэтую суботу Аляксандра Герасіменя выйдзе на старт на дыстанцыі 50 м вольным стылем. Дыстанцыі, дзе беларуска выйгравала два медалі Алімпійскіх гульняў - срэбра ў Лондане і бронзу ў Рыа. Заўтра ж будзем хварэць за Паўла Санковіча, які стартуе на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем, Яўгена Цуркіна і Арцёма Мачэкіна на 50 метрах вольным стылем.