Новым кіраўніком Федэрацыі хакея Беларусі абраны Сямён Шапіра

20 мая 2017

Старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра сёння абраны кіраўніком Федэрацыі хакея Беларусі.

Гэта адбылося на справаздачна-выбарнай канферэнцыі, дзе ў адстаўку падаў экс-кіраўнік арганізацыі Ігар Рачкоўскі. Нягледзячы на перамогу ў заявачнай кампаніі за права правесці чэмпіянат свету ў Беларусі і Латвіі ў 2021 годзе, у беларускім хакеі наспелі перамены. Асаблівы акцэнт будзе зроблены на падрыхтоўцы рэзерву.

Сямён Шапіра, старшыня Беларускай федэрацыі хакея: "Праца павінна быць калегіяльнай. Трэба выслухаць усе пункты гледжання. Яны, вядома, буду рознымі. Я разумею гэта, і ў хакеі заўсёды так было. Вядома, трэба было ўзмацняць каманды за кошт выхавання моладзі. Гэта бясконцы і бесперапынны працэс - развіццё, удасканаленне, умацаванне".

Два апошнія чэмпіянаты свету зборная Беларусі не паказвае той гульні, якую ад яе чакаюць балельшчыкі. Групавы этап турніру ў Францыі наша каманда завяршыла на сёмым месцы з васьмі з сямю набранымі баламі. Акрамя таго, у верасні мінулага года беларускія хакеісты правалілі алімпійскую кваліфікацыю і не выступяць на галоўных гульнях чатырохгоддзя ў Паўднёвай Карэі.