26 июня 2017

Футбольны тур, развітанне з цяпер ўжо экс галоўным трэнерам хакейнага мінскага "Дынама" і доўгачаканае тэніснае вяртанне.

Пра ўсё самае прыкметане са свету спартыўных падзей раскажа Станіслаў Ліпскі ў рубрыцы "Матчбол". Салігорскі "Шахцёр" у трынаццатым туры чэмпіянату Беларусі па футболе ў цэнтральным супрацьстаянні ўік-энду ў гасцях перамагае "Тарпеда-БелАЗ" 2:1 і працягвае ўпэўнена лідзіраваць у турнірнай табліцы. Паралельна атрымліваюць вікторыі сталічнае "Дынама" і БАТЭ.

У суботу бела-блакітныя ў сталічным дэрбі былі мацнейшыя за "Крумкачоў" – 1:0. Адзіны дакладны стрэл у актыве Ніколы Лукіча, гэтая перамога стала чацвёртай запар для дружыны Сяргея Гурэнкі, "Дынама" ў турнірнай табліцы на другім месцы – у каманды 31 бал.

А вось "Крумкачы" пацвярджаюць свой статус аўтсайдара чэмпіянату: у апошніх дзевяці гульнях мінчане перамагалі толькі адзін раз.

Нязменны чэмпіён краіны – БАТЭ - пакуль на трэцім месцы. Страчваць ачкі жоўта-сінім зараз небяспечна з улікам выдатнай формы "Шахцёра" – у стане барысаўчан гэта разумеюць, таму тры балы заваяваны ў Гродне, 1:0 БАТЭ перамагае "Нёман".

Тым часам хакейнае сталічнае "Дынама" застаецца без галоўнага трэнера. Крэйг Вудкрафт прадоўжыць сваю кар'еру ў Швейцарыі.

У пятніцу стала вядома пра скасаванне кантракта з галоўным трэнерам мінскага "Дынама" па пагадненні бакоў. Кантракт са спецыялістам дзейнічаў бы яшчэ два сезоны, аднак Крэйг выступіў з пажаданнем спыніць супрацоўніцтва, на што кіраўніцтва сталічных пагадзілася. Бакі разышліся без фінансавых прэтэнзій адзін да аднаго. Нагадаем, пад кіраўніцтвам канадца каманда заняла пятае месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ. З летняга адпачынку каманда вернецца 4 ліпеня.

І апошняе: вяртанне адбылося, няхай і атрымалася яно пакуль не такім яркім, як хацелася б. Вікторыя Азаранка зноў на корце! Беларуска выступіла на турніры у Іспаніі, дзе пасля перамогі над японкай Рысай Адзакі ўступіла Ане Конюх з Харватыі.

Зараз Азаранка ў Англіі, дзе рыхтуецца да старту на Уімблдонскім турніры, які пройдзе з 3-га па 16-га ліпеня. Жадаем нашай алімпійскай чэмпіёнцы хутчэйшага вяртання на спартыўны алімп.

На гэтым тыдні ўся увага футболу: у чацвер мінскае "Дынама" згуляе супраць "Рунавіка", а салігорскі "Шахцёр" супраць "Судувы" ў рамках першага раўнда Лігі Еўропы. А ў нядзелю вас чакае фінал Кубка канфедэрацый, які праходзіць у Расіі. Усё гэта на тэлеканалах БТ. Любіце спорт!