Пытанне аптымізацыі сілавога блока Аляксандр Лукашэнка назваў прынцыповым

27 июля 2017

Сёння Прэзідэнт правёў нараду з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі. Тэмамі абмеркавання сталі пытанні беларускага старшынства ў АДКБ, вучэнні "Захад-2017", ахова мяжы. Такія сустрэчы з прадстаўнікамі ключавых структур улады сталі ўжо рэгулярнымі. Менавіта Савет бяспекі курыруе сілавы блок, ад якога залежыць мір і парадак у краіне. Вынікі працы праваахоўных ведамстваў за першае паўгоддзе станоўчыя: у Беларусі адзначаецца зніжэнне злачыннасці, коькасці ДТЗ і пажараў. Сёлета наша краіна старшынствуе ў АДКБ. Якаснае ўзмацненне ўплыву гэтай арганізацыі, павышэнне яе эфектыўнасці - прыярытэты Беларусі. Дэманстрацыяй пастаянства ў гарантаванні бяспекі нашай краіны і найбліжэйшага саюзніка - Расіі - стануць маючыя адбыцца вучэнні "Захад-2017".

Абмяркоўвалі сёння і аптымізацыю сілавога блока. Гэтае пытанне Прэзідэнт назваў прынцыповым. Колькасны і якасны склад органаў бяспекі будзе вызначаны ўжо сёлета. Далей аптымізацыя стане пастаяннай задачай кіраўнікоў канкрэтных ведамстваў. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на важнасць падтрымання дысцыпліны і забеспячэння парадку на вуліцах гарадоў. У рэйтынгу па ўзроўні бяспекі Беларусь сёлета заняла дзясятае месца сярод 125 краін свету. Задача - падтрымліваць і паляпшаць гэты паказчык.

Сёння адзначана, што асаблівую актуальнасць мае абстаноўка на мяжы. Не спыняюцца патокі нелегалаў, зброі і наркотыкаў. Прэзідэнта праінфармавалі аб ходзе праверкі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

У 2019 годзе Мінск прыме II Еўрапейскія гульні. Бяспека падчас спартыўнага форуму - задача нумар адзін і чарговы іспыт для праваахоўнікаў. Гэтай тэме сёння была нададзена асаблівая ўвага. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя маштабныя спаборніцтвы Беларусь павінна правесці годна.