У пачатку ліпеня Мінск прыме сесію Парламенцкай асамблеі АБСЕ

20 июня 2017

Ужо занесена 15 рэзалюцый. Свой удзел пацвердзілі 593 прадстаўнікі з 56 дзяржаў.

Сёння пра падрыхтоўку да маштабнага мерапрыемства Прэзідэнту далажыў спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Пытанні міжнароднай бяспекі будуць абмяркоўваць каля 700 дэлегатаў. Сярод заяўленых тэм - праблемы тэрарызму, кіберзлачыннасці, барацьба з гандлем людзьмі і пытанні міграцыі. Беларусь рыхтуе і сваю рэзалюцыю па процідзеянні распаўсюджванню новых наркатычных сродкаў. Наша краіна ўпершыню будзе прымаць палітычнае мерапрыемства падобнага маштабу.

Для правядзення форуму ў сталіцы рыхтуюць дзве вялікія пляцоўкі. Асноўныя мерапрыемствы прыме "Прэзідэнт-Гатэль". А цырымонія адкрыцця адбудзецца ў выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў, куды акрамя сотняў гасцей прыедуць і паслы ўсіх дзяржаў - удзельнікаў сесіі.

Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Самая вялікая дэлегацыя - з ЗША. Яна налічвае 49 дэпутатаў. З Германіі - 20 дэпутатаў, з Італіі 24 дэпутаты, 24 дэпутаты - з Расійскай Федэрацыі. Астатнія - па 10-15 чалавек. Што датычыцца падрыхтоўкі, то ў нас заўсёды гэтым пытаннем займаецца сакратарыят ПА АБСЕ. Яны ацэньваюць гэтую падрыхтоўку як у высокай ступені гатовасці".

26-я сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ пройдзе ў Мінску з 5 па 9 ліпеня. Па выніках працы міжнароднай групы дэпутатаў плануецца падпісаць мінскую дэкларацыю.