У Беларусі створаць рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі

27 марта 2017

Сёння праект такога комплексу Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з прадстаўнікамі сілавых ведамстваў. Разрозненыя сеткі назірання плануецца аб'яднаць. У выніку праваахоўнікі атрымаюць платформу, якая дазволіць аўтаматычна ў рэжыме рэальнага часу аналізаваць сітуацыю ў розных кутках краіны і імгненна інфармаваць аб тым, што адбываецца. Такія сістэмы дзейнічаюць у многіх краінах, яны даказалі сваю эфектыўнасць. Прэзідэнт таксама даручыў далажыць, якія выдаткі спатрэбяцца з боку дзяржавы для запуску такога праекта.

Пэўныя элементы сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі ўжо працуюць у Беларусі. У прыватнасці, больш за 6 з паловай тысяч аб'ектаў абсталяваны комплексамі відэаназірання. Плануецца, што інфармацыя будзе акумулявацца ў адзіным цэнтры. Туды будуць паступаць звесткі з лакальных сістэм відэаназірання, а таксама сігналы спецыяльных дэтэктараў, датчыкаў дыму, полымя, выбуховых рэчываў і цеплавізараў. У склад сістэмы маніторынгу ўвойдзе праграмная платформа і каналы сувязі.

Ігар Шуневіч, Міністр унутраных спраў Беларусі: "Кіраўнік дзяржавы прыняў нашу прапанову аб тым, што такая сістэма дарэчная і неабходная ў любой цывілізаванай дзяржаве, і даручыў дадаткова прапрацаваць шэраг аспектаў, звязаных з практычнай рэалізацыяй праекта. У першую чаргу гэта, вядома, пытанні, звязаныя з выбарам аператара, які будзе генераваць усе ідэі і ажыццяўляць практычную рэалізацыю, пачынаючы ад куплі жалеза і заканчваючы эксплуатацыяй. Мы атрымалі адпаведныя ўказанні, будзем дапрацоўваць гэты праект указа менавіта з пункта погляду прыўнясення нацыянальных асаблівасцяў і магчымасцяў нашай дзяржавы для рэалізацыі гэтага праекта".

Аб'яднанне камер назірання і спецыяльных дэтэктараў па ўсёй краіне значна павялічыць магчымасці праваахоўнікаў па гарантаванні бяспекі. Гэта таксама дазволіць паскорыць рэагаванне на негатыўныя прыродныя з'явы.