Сёння Аляксандр Лукашэнка і Чан Дай Куанг правядуць перамовы

27 июня 2017

Мінск і Ханой развіваюць супрацоўніцтва. У Беларусі з афіцыйным візітам - Прэзідэнт В'етнама. Сёння Аляксандр Лукашэнка і Чан Дай Куанг правядуць перамовы. Развіццё двухбаковых адносін палітыкі абмяркуюць у вузкім фармаце, затым у пашыраным - з удзелам дэлегацый. Плануецца і падпісанне выніковых дакументаў. А ў другой палове дня лідары прымуць удзел у бізнес-форуме. Да цырымоніі афіцыйнай сустрэчы застаецца менш за гадзіну, у Палацы Незалежнасці працуе наша здымачная група. На сувязі - Вольга Макей (прамое ўключэнне).

Сін Ціао, Яўген! У перакладзе з в'етнамскай гэта азначае "Добры дзень". Думаю гэтае прывітанне ў Мінску ў найбліжэйшыя дні будзе гучаць часта. Тут, у Палацы Незалежнасці, ужо ўсё гатова да ўрачыстай цырымоніі. Прэзідэнт В'етнама прыбудзе ў 10 раніцы. У гэты час тэлеканал "Беларусь 1" пачне прамую трансляцыю.

Ну а пакуль чакаем пачатку, я папрашу аператараў 14-ці камер дапамагчы мне правесці невялікую экскурсію па залах, дзе будуць праходзіць перамовы. Такім чынам, больш за ўсё тэлекамер усталявана ў атрыуме - унутраным дворыку Палаца Незалежнасці, дзе адбудзецца цырымонія афіцыйнай сустрэчы. Менавіта тут Аляксандр Лукашэнка ўпершыню пацісне руку Чан Дай Куангу. В'етнамскі палітык заняў пасаду Прэзідэнта год назад. Але ў Беларусі ўжо быў і раней, на пасадзе міністра грамадскай бяспекі. Тут жа прагучаць гімны дзяржаў, а затым парадным строем пройдзе рота ганаровай варты. Гэта традыцыйна самы відовішчны момант афіцыйных візітаў.

Перамяшчаемся ў залу ўрачыстых цырымоній, дзе адбудзецца сумеснае фатаграфаванне прэзідэнтаў. Гэта абавязковая частка ўсіх візітаў на вышэйшым узроўні. А здымкі на фоне галоўных дзяржаўных сімвалаў ужо хутка вы ўбачыце на шматлікіх інфармацыйных стужках. Дарэчы, на чырвоным палатне флага В'етнама намалявана жоўтая зорка. Яна ўвасабляе лідарства Камуністычнай партыі рэспублікі. А пяць промняў зоркі сімвалізуюць рабочых, сялян, салдат, інтэлігенцыю і моладзь.

Вядома, найважнейшая частка візіту - гэта перамовы. Пачнуцца яны з сустрэчы тэт-а-тэт. Аляксандр Лукашэнка і Чан Дай Куанг правядуць размову ў каміннай зале. Думаю, гледачам яна добра знаёмая, бо менавіта тут Прэзідэнт Беларусі часцей за ўсё прымае замежных гасцей, і гэтыя інтэр'еры нярэдка з'яўляюцца ў тэлеэфірах і на фатаграфіях інфармагенцтваў.

Вядома, што галоўнай тэмай сустрэчы стане развіццё гандлёва-эканамічных адносін. Гэтае пытанне абмяркуюць і ў прысутнасці профільных міністраў. Сустрэча ў пашыраным фармаце пройдзе ў Вялікай зале перамоў. Самыя цесныя кааперацыйныя сувязі сёння аб'ядноўваюць прамысловыя ведамствы краін. В'етнам актыўна купляе БелАЗы, а малюнак трактара "Беларус" нават размешчаны на нацыянальнай валюце В'етнама. Зараз у планах - стварэнне дзвюх сумесных зборачных вытворчасцяў грузавой і пасажырскай тэхнікі ў гэтай азіяцкай краіне. Акрамя таго, дагавор аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС пашырае магчымасці для паставак малочнай прадукцыі ў В'етнам. Словам, гэтыя і іншыя перспектыўныя сферы супрацоўніцтва сёння і абмяркуюць палітыкі.

Па выніках сустрэчы будзе падпісаны дзясятак міжнародных дакументаў. А вось бізнес-кантрактамі краіны могуць абзавесціся на беларуска-в'етнамскім дзелавым форуме, ён стартуе ў другой палове дня, і ў адкрыцці прымуць удзел і прэзідэнты. Як нам паведамілі ў Гандлёва-прамысловай палаце, на форуме чакаюць каля 150 бізнесменаў з В'етнама.

Чан Дай Куанг прыбыў з афіцыйным візітам у нашу краіну напярэдадні і ўжо сустрэўся з прадстаўнікамі таварыства дружбы "Беларусь-В'етнам", дыяспары і студэнтамі. Высокаму госцю падарылі кнігу, дзе ў фатаграфіях сабрана лепшае, што ёсць у Беларусі. І прысвоілі ганаровае званне "Народны дыпламат". Адзначым, у рамках візіту Прэзідэнт В'етнама таксама плануе наведаць шэраг беларускіх кампаній і культурных аб'ектаў.