Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з лётчыкам-касманаўтам Алегам Навіцкім

16 августа 2017

Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з нашым знакамітым земляком - лётчыкам-касманаўтам Алегам Навіцкім. У пачатку чэрвеня ён вярнуўся з МКС. На арбіце Навіцкі прабыў амаль 200 сутак. Але нават там наш зямляк не забываў радаваць беларусаў маляўнічымі здымкамі беларускіх гарадоў, каб кожны на свае вочы змог усвядоміць - шлях да зорак, нават праз церні, не такі ўжо далёкі. Гутарка была душэўнай і цёплай, не толькі пра космас, але і больш прыземленая - пра жыццё і планы зямныя. Таксама Алег Навіцкі падарыў Кіраўніку дзяржавы фатаграфію экіпажа МКС і свой гадзіннік, якія браў у космас. Аляксандр Лукашэнка ўручыў земляку першы экзэмпляр кнігі пра сімвал нашай дзяржаўнасці - Палац Незалежнасці.

Усе падрабязнасці сустрэчы - у Ілоны Красуцкай. 340 сутак на арбіце. 2 касмічныя місіі. З апошняй экспедыцыі наш знакаміты на ўвесь свет зямляк Алег Навіцкі вярнуўся ў пачатку ліпеня. Камандзір экіпажа разам з калегамі правёў паўсотні навуковых даследаванняў, вывучаў межы болевай мяжы ў космасе, уплыў радыяцыі на чалавека і назіраў за паводзінамі плазмы ў бязважкасці.

Кадры яго вяртання абляцелі Зямлю. Такое доўгачаканае і хвалюючае для жонкі Юліі, дзвюх дачок. На малой радзіме - у Чэрвені - за прызямленнем сына сачыла і хвалявалася самы блізкі чалавек - мама.

У космасе Алег Навіцкі завёў "Інстаграм". Тут і фота начнога Мінска, іншых беларускіх гарадоў, закадравае касмічнае жыццё, званок пасля прызямлення, першы сняданак на Радзіме. Як сапраўдны беларус, Навіцкі заказаў жонцы бульбяны пірог. А пасля ў водпуску ў Грэцыі сумаваў па беларускіх драніках.

На борт МКС касманаўт можа ўзяць усяго кілаграм асабістых рэчаў. Дзяржаўны флаг Беларусі - першы прадмет. У інтэрв'ю Навіцкі не раз прызнаваўся, падчас усяго палёту гэта была вялікая маральная падтрымка. Пасля вяртання касманаўт перадаў флаг у Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Днямі фонды папоўніліся. У экспазіцыі зараз асабістыя рэчы Навіцкага, імянны касцюм і выратавальныя сродкі.

У 2012 Беларусь афіцыйна стала касмічнай дзяржавай. Адбыўся запуск першага спадарожніка з касмадрома Байканур. Ён працягвае працаваць і зараз. Здымкі з БКА-1 выкарыстаюць 11 беларускіх міністэрстваў, а таксама замежныя заказчыкі. Апарат адсочвае пажары, паводкі, дапамагае пры распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў, вядзе экалагічны кантроль. Гарантыйны тэрмін эксплуатацыі мінае ў сярэдзіне гэтага года, але ўжо прынята рашэнне пакінуць апарат у космасе да канца 2018. Імаверна, спадарожнік прапрацуе яшчэ даўжэй: гаручага хопіць да 2020. Да гэтага часу Беларусь плануе вывесці на арбіту яшчэ адзін комплекс з апаратурай новага пакалення.

За 16 гадоў Беларусь і Расія рэалізавалі ў касмічнай сферы 5 навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы. Яшчэ дзве зараз выконваюцца, столькі ж - у стадыі ўзгаднення. Стварэнне новых спадарожнікаў вывела і нашу прамысловасць на новую вышыню. Начынне шматлікіх сучасных апаратаў - пад маркай "зроблена ў Беларусі". У краіне на космас працуюць больш за дзясятак прадпрыемстваў.

Прыборы "Пеленга" працавалі на 35 касмічных апаратах. Тут ужо стварылі камеру звышвысокай дакладнасці - 50 сантыметраў. Ці можна з Мінска палюбавацца Фінскім залівам? Оптыка, якую вырабляе завод, разлічана як раз на такія касмічныя адлегласці. А з дапамогай гэтага гіперспектрометра бачна яшчэ больш.

Наш знакаміты зямляк узяў водпуск да канца жніўня. Актыўна падарожнічае па краіне. Штодня ў графіку Алега Навіцкага інтэрв'ю. Пытанняў у журналістаў сапраўды шмат. Акрамя стандартных аб самаадчуванні, падрыхтоўцы да новай экспедыцыі, ёсць і з серыі касмічных будняў. Ці слухаюць музыку на арбіце, як харчуюцца ў бязважкасці, якое кіно перад стартам глядзіць увесь экіпаж?

Пра гэта і не толькі сёння гаварылі ў Палацы Незалежнасці. Атмасфера сустрэчы настройвала да давернай і душэўнай гутаркі аб жыцці ў космасе і на зямлі. У размове з Кіраўніком дзяржавы Алег Навіцкі падзяліўся дэталямі мінулай экспедыцыі. Сапраўдная мужчынская гутарка, поўная бліскучага гумару. Без прыхарошванняў пра цяжкасці перакладу ў космасе. Бо акрамя Алега Навіцкага ў складзе экіпажа яшчэ француз і амерыканка. Касманаўт распавёў і аб сваіх планах.

Гаварылі доўга. Больш за дзве гадзіны. Пра Беларусь як касмічную дзяржаву, навуку, будаўніцтва касмічных апаратаў. А пасля абмяняліся падарункамі. Кіраўніку дзяржавы ад касманаўта - фатаграфія экіпажа МКС і гадзіннік, які Алег Навіцкі надзяваў на скафандр. Хранограф выкарыстоўваецца і для выхаду ў адкрыты космас. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу ўручыў земляку першы экзэмпляр кнігі аб сімвале нашай дзяржаўнасці - Палацы Незалежнасці.

Усмешлівы прыемны суразмоўца. Без перабольшання, ён нарасхват у журналістаў. Як любы чалавек, стамляецца, але ніколі не адмаўляе ў інтэрв'ю, спасылаючыся на занятасць. Вельмі шчыры. Спачатку аб тым, што абмяркоўвалі з Прэзідэнтам за зачыненымі дзвярамі. Абодва бацькі, безумоўна, гаварылі пра дзяцей. Яшчэ аб патрыятызме. Літаральна напярэдадні Алег Навіцкі пабываў з сям'ёй у Брэсцкай крэпасці. Перажылі асаблівыя пачуцці і паабяцалі абавязкова вярнуцца.

Зараз перыяд аднаўлення. Але ў жыцці Навіцкага па-ранейшаму шмат спорту. Шторанку прабежка - 4-5 кіламетраў. Мары прыземленыя. Хоча пабудаваць свой дом. Тут на Радзіме, у Беларусі.

Алег Навіцкі, лётчык-касманаўт: "Я і пасля першага палёту сказаў, што хачу жыць на радзіме. Хачу заняцца будоўляй. Хачу жыць менавіта ў прыватным доме, а не ў кватэры. Можа быць таму, што ўсё дзяцінства прайшло менавіта ў такім будынку. І, пакуль ёсць час, паспрабую, можа, хоць бы пачаць. Далейшая праца, хутчэй за ўсё, будзе звязана з падрыхтоўкай да чарговага палёту. Таму хачу выкарыстаць максімум часу ў гэтым водпуску".

У снежні Алега Навіцкага чакае медыцынскае абследаванне. У выпадку станоўчага рашэння ўрачоў ён зможа пачаць падрыхтоўку да сваёй трэцяй экспедыцыі на МКС. Відавочна, настроены пазітыўна і ніколькі не сумняваецца ў сваіх сілах. Як чалавек мэты, ён упэўнены, узяўшы абавязацельствы, усе зоркі і цэлы сусвет будуць на тваім баку. У наступным годзе Беларусь прыме міжнародны касмічны кангрэс. Алег Навіцкі пацвердзіў свой удзел.