Прэзідэнт уручыў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецпрэміі дзеячам культуры і мастацтва

10 января 2017

Пачнем мы сёння з падзеі ўрачыстай і сімвалічнай - цырымоніі ўручэння прэмій "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.  Традыцыя добрая і шматгадовая - у калядныя дні адзначаць на вышэйшым узроўні ўклад беларусаў у развіццё і духоўнае ўзбагачэнне нашай краіны. У Палацы Рэспублікі сёння сабралася творчая эліта, а таксама тыя, хто сваёй працай і адданым стаўленнем да  справы  забяспечвае ўсім нам шчаслівае жыццё: гэта ўрачы, настаўнікі, святары і прадстаўнікі дабрачынных арганізацый. Прызнанне іх заслуг не патрабуе доказаў. Яны беражліва захоўваюць і развіваюць тое самае дарагое, што ёсць у народа: духоўнасць,  культуру і гісторыю. Такіх людзей Кіраўнік дзяржавы ўзнагароджвае асабіста. Убачыць цырымонію змогуць і тэлегледачы - адразу пасля "Панарамы" ў эфір выйдзе тэлеверсія ўзнагароджання. Са святочнай урачыстасці - Вольга Макей. 

Гэта цэнтр рэабілітацыі для дзяцей-інвалідаў у Мінску. Мікіта першы раз сюды патрапіў на мамчыных руках, зараз можа самастойна стаяць. Усё дзякуючы новаму апарату, якіх у краіне пакуль два. Дзецям з парушэннямі апорна-рухальнага апарату ён літаральна дапамагае станавіцца на ногі.

Тут малышам, якіх прывыклі зваць асаблівымі, дапамагаюць стаць звычайнымі. Для гэтага цэлы спектр працэдур: ад цепла- і водалячэння да заняткаў на спецыяльных трэнажорах на развіццё маторыкі і каардынацыі. На час рэабілітацыі цэнтр, па сутнасці, становіцца домам для малышоў і іх мам.

Дырэктар цэнтра Людміла Кандрашова, калі размаўляе са здымачнай групай, часцей за ўсё гаворыць слова "мы". Бо дапамагчы аднаму дзіцяці - справа дзясятка спецыялістаў.  За сваю штодзённую цяжкую  працу, якая сотням дзетак дае не толькі надзею і веру ва ўласныя сілы, але і бачны вынік, увесь калектыў рэабілітацыйнага цэнтра стаў лаўрэатам прэміі "За духоўнае адраджэнне". Сёння дырэктар цэнтра ненадоўга пакіне рабочае месца, каб вярнуцца сюды ўжо з заслужанай узнагародай.

У холе Палаца Рэспублікі  шматлюдна. І хоць галоўных прэмій пяць, за тымі, хто выйдзе на сцэну, вялізныя калектывы  і, вядома, родныя і блізкія. Без іх падтрымкі часам так цяжка ўвасобіць добрыя і патрэбныя ідэі. Госці цырымоніі, нягледзячы на марознае надвор'е, імкнуцца захоўваць святочны дрэс-код. Тут сабраліся дзеячы культуры, мастацтва, педагогі, журналісты, гісторыкі, музыканты, артысты. Для кожнага з іх узнагарода стане яшчэ і падарункам у гэтыя калядныя дні. Сімвалічна, бо менавіта духоўна і маральна гэтыя людзі робяць нашу краіну багацейшай.

Уручаць прэмію "За духоўнае адраджэнне" менавіта ў святочным студзені - традыцыя, якой Прэзідэнт прытрымліваецца з года ў год. У гэтыя няпростыя часы, калі свету неабходныя гуманнасць і літасць, так важна быць удзячнымі тым, хто сваёй працай паказвае прыклад і пакідае духоўную спадчыну цэлым пакаленням.

Для ігумена Яўсевія, які атрымае ўзнагароду першым, апладысменты і авацыі нязвыклыя. Яго праца, як і манастыр, у якім ён служыць, схаваныя ад шырокай публікі.

Сёння Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр - адзін з духоўных цэнтраў Гродзенскай вобласці. З ХІІІ стагоддзя яго не раз руйнавалі і адбудоўвалі зноў. 10 гадоў таму за аднаўленне святыні ўзяўся ігумен Яўсевій. Сёння ў манастыры жывуць 30 чалавек. І хоць комплекс яшчэ дабудоўваюць, тут галоўнае, падаецца,  не сцены, а менавіта малітва і вера, здольныя на адраджэнне духоўнае. Тыя, хто апынуўся ў цяжкай сітуацыі, менавіта тут знаходзяць правільныя жыццёвыя арыентыры.

Пакінуць спадчыну будучым пакаленням - архітэктурную і гістарычную. Напэўна, такую задачу сабе паставіў Сяргей Сергачоў, калі ўзяўся за стварэнне кнігі "Народнае дойлідства Беларусі. Гісторыя і сучаснасць". Яна стане адзінай у сваім родзе.

Ён разгледзеў у будаўніцтве не проста мастацтва, а ўклад у культуру. У кнізе - і здымкі, зробленыя аўтарам амаль 50 гадоў таму, гэтай працы Сяргей Сергачоў прысвяціў усё жыццё. Па сутнасці, на паўтысячы старонак ён паспрабаваў не толькі апісаць, але і прааналізаваць нацыянальныя асаблівасці беларускай архітэктуры.

Сярод прадстаўнікоў сферы адукацыі на сцэне і калектыў педагагічнага ўніверсітэта. Дзякуючы гэтай ВНУ не толькі падрыхтаваныя тысячы настаўнікаў, але і створаны маштабны добраахвотніцкі рух. Кожны год студэнты праводзяць больш як восемсот акцый, канцэртаў і святочных праграм для выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў. Такія паказы бачылі і дзеці з Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў. Калектыву цэнтра, які прысвяціў  сябе тым, каму ў гэтым жыцці даводзіцца нялёгка, сёння таксама ўзнагарода з рук Прэзідэнта.

 Прэмія за "Духоўнае адраджэнне" і тым, хто ў прамым сэнсе адрадзіў духоўную рэліквію. Курган Славы для беларусаў - гэта памяць аб гераізме тых, хто абараніў родную зямлю ў часы Вялікай Айчыннай вайны. За рэканструкцыю комплексу да 70-годдзя Перамогі ўзнагарода Федэрацыі прафсаюзаў.

Знакавыя аб'екты Беларусі сталі асновай тэлевізійнага праекта "Мы зрабілі гэта разам". Ролікі, якія калектыў Белтэлерадыёкампаніі здымаў на працягу некалькіх тэлесезонаў, удастоеныя спецпрэміі Прэзідэнта.

У аб'ектывы творчай групы трапіла і адноўленая культурная спадчына, і самыя сучасныя аб'екты. Больш за 30 серый на трох мовах аб дасягненнях суверэннай Беларусі.

Якой стала Беларусь за апошнія 20 гадоў,  паказалі і калегі па журналісцкім цэху - фотакарэспандэнты БелТА. Праект "Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў" адзначаны спецпрэміяй Прэзідэнта. Лаўрэатам стаў і калектыў газеты "Голас Радзiмы" за прафесійнае асвятленне пытанняў міжкультурнага дыялогу.

Прэстыжныя ўзнагароды сёння атрымліваюць прадстаўнікі самых розных сфер. Каб зразумець, наколькі духоўна багатая Беларусь, дастаткова зазірнуць на гэтую выставу ў холе Палаца Рэспублікі. Тут сабраны працы лаўрэатаў прэмій. Сярод іх  і вось такія вырабы студыі дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва "Беларускі сувенір". Традыцыйныя працы з саломкі ўпрыгожваюць інтэр'еры і за межамі краіны. А гэта  карціны беларускага мастака Канстанціна Вашчанкі. Ён удастоены спецпрэміі Прэзідэнта за афармленне факсімільнага выдання "Кніжная спадчына Францыска Скарыны".

Творчасць, якую можна не толькі ўбачыць, але і пачуць,  сёння таксама адзначылі. Лаўрэатам спецпрэміі стаў калектыў дзіцячай музычнай школы мастацтваў імя Глебава. Сярод вядомых выпускнікоў нават народны артыст Саюза - Лучанок.

Тут займаліся і трыумфатары дзіцячага "Еўрабачання" Сітнік і Кунец.  Поспехам  вучняў апладзіруюць у свеце, а выкладчыкі часцей застаюцца за кадрам. Але іх талент  не пакінулі без увагі.

Іх спектаклі калісьці глядзеў сам Купала, а апладысменты падчас іх пастановак гучаць ужо 97-ы сезон. Калектыў, у якім служаць дынастыямі, а рэпертуар - беларуская класіка. Менавіта са сцэны Купалаўскага калісьці пачалося беларускае тэатральнае жыццё. Сёння гэта самы сучасны і абсталяваны тэатр, якому зайздросцяць еўрапейскія калектывы. А як прызнанне ў Беларусі - спецпрэмія  за ўклад у развіццё нацыянальнага тэатральнага мастацтва.

Ганарыцца сваімі магчымасцямі і прэстыжнай узнагародай могуць і рэгіёны. Спецпрэмія Прэзідэнта ўжо сёння паедзе ў Гомель. За развіццё мастацтва, правядзенне дабрачынных паказаў адзначылі гомельскі цырк. А вось Маладзечна будзе віншаваць з прысуджэннем спецпрэміі работнікаў Палаца культуры. Узнагарода і калектыву музея-сядзібы Агінскага за папулярызацыю спадчыны кампазітара.

Аляксандр Лукашэнка сёння ўручае і тры спецыяльныя прэміі "Беларускі спартыўны Алімп". Іх атрымлівае рэдактар "Спортивной панорамы" Руслан Васільеў, пераможца моладзевага чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы Эльвіра Герман і трэнер па баскетболе з Гродна Аляксандр Шымкавяк. Звяртаючыся да творчай інтэлігенцыі, якая сабралася ў Палацы Рэспублікі, Прэзідэнт скажа, што заяўляць аб сваёй творчасці і поспехах варта без сарамлівасці. Бо тыя, хто ўносіць важкі ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, не павінны застацца без увагі.

Прэмія "За духоўнае адраджэнне" ўручаецца ўжо 20 гадоў. За гэты час лаўрэатамі сталі сотні таленавітых і адданых сваёй справе беларусаў. Справе, дзякуючы якой Беларусь гучыць далёка за яе межамі. Культура, спорт, навука, мастацтва, адукацыя, гісторыя…. Вынік працы гэтых людзей - не толькі нацыянальная спадчына, але і тая самая духоўная дыпламатыя, якой часам так не хапае ў сучасным свеце.