Пасля перамоў лідары Малдовы і Беларусі накіраваліся на ўрачыстае адкрыццё "Славянскага базара"

14 июля 2017

Мінск гатовы ў любы момант зрабіць для Кішынёва ўсё, што ў яго сілах.

Пра гэта Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з кіраўніком Малдовы Ігарам Дадонам у Віцебску.

Асаблівасцю візіту высокага госця ў нашу краіну стала наведванне шэрагу прадпрыемстваў і культурных аб'ектаў яшчэ да перамоў з беларускім лідарам. Сёння Кішынёў - на чацвёртым месцы ў тавараабароце Мінска з краінамі СНД. Наша рэспубліка стабільна ўваходзіць у дзясятку гандлёва-эканамічных партнёраў Малдовы. У гэтай краіне збіраюць і прадаюць трактары МТЗ і беларускія тралейбусы. У планах нарасціць узаемны тавараабарот да паўмільярда долараў.

Пасля перамоў лідары дзвюх краін накіраваліся ў амфітэатр на ўрачыстае адкрыццё "Славянскага базара". Удзел Аляксандра Лукашэнкі ў цырымоніі - шматгадовая традыцыя. За больш як чвэрць стагоддзя форум аб'яднаў гледачоў пяці кантынентаў і стаў візітнай карткай краіны. Сёлета сярод ганаровых гасцей фестывалю - Прэзідэнт Малдовы, дзяржсакратар Казахстана, кіраўнікі дыппрадстаўніцтваў шэрагу краін.

З усімі падрабязнасцямі - Ілона Красуцкая.

Тыя, хто прыязджае ў гэтыя дні ў Віцебск на "Славянскі базар", абавязкова трапляюць да Шагала. Юбілейная дата - 130 гадоў з дня нараджэння вялікага мастака - стала асноўнай тэмай міжнароднага форуму. Канцэрты ў Летнім амфітэатры, горад майстроў і знакамітая вуліца Пакроўская, дзе знаходзіцца Дом- музей Марка Шагала. Не наведаў нешта з гэтага спісу, значыць, не быў у Віцебску.

Горад на Дзвіне ў гэтыя дні нагадвае адзін вялікі тэлецэнтр. Канцэнтрацыя медыйных персон на квадратны метр тут відавочна перавышае разумныя межы. Афіцыйнага старту горад чакаць не стаў: не спіць чацвёрты дзень.

Даўжыня гандлёвай экспазіцыі горада майстроў як два футбольныя палі. Самыя прагматычныя госці свята бяруць водпускі і прыязджаюць на некалькі дзён, а то і на ўвесь фестывальны тыдзень. Зрэшты, гэта ўлюбёнае месца для шопінгу вядомых персон. У натоўпе іх можна ўбачыць на адлегласці выцягнутай рукі і без аховы. Тут жа быў заўважаны і Прэзідэнт Малдовы. Ігар Дадон таксама наведаў Віцебскі краязнаўчы музей і дом Марка Шагала.

На галоўную фестывальную пляцоўку напярэдадні прыбыў і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Удзел Кіраўніка дзяржавы ў цырымоніі адкрыцця - шматгадовая традыцыя. Гэтым разам у вітальнай прамове да гасцей і ўдзельнікаў свята Аляксандр Лукашэнка нямала гаварыў аб адзінстве (не толькі славянскім). За больш як чвэрць стагоддзя форум аб'яднаў гледачоў пяці кантынентаў.

Адразу пасля цырыманіялу Аляксандр Лукашэнка выканаў ганаровую місію. Кіраўнік дзяржавы ўручыў Гран-пры дзіцячага конкурсу выканаўцаў. Узнагарода застаецца дома. Пераможца - беларуска Марыя Магільная. Сама напісала конкурсную песню фестывалю.

Штогод на "Славянскім базары" Аляксандр Лукашэнка ўручае і спецыяльную ўзнагароду "Праз мастацтва - да міру і паразумення". Артысты пра гэта ведаюць. І, безумоўна, напярэдадні за кулісамі ў грымёрках ішло бурнае абмеркаванне, хто ж паднімецца на сцэну Летняга амфітэатра па трафей. Але ўзнагарода толькі адна. Сёлета яе ўладальнікам стала народная артыстка Грузіі і Расіі Тамара Гверцытэлі.

Фестываль, які па праве набыў статус нацыянальнага, яшчэ завуць алімпіядай мастацтваў. Эпітэт вельмі сімвалічны, бо сярод шматлікіх праектаў ёсць і дзіцячы, і дарослы конкурсы выканаўцаў.

Гуляць давідна Віцебск будзе да 19 ліпеня. Сёння ўвечар на сцэну Летняга амфітэатра выйдуць топавыя зоркі беларускай і расійскай эстрады.