Людзі павінны самі шукаць працу, але дзяржаве неабходна дапамагчы ім

24 марта 2017

Пра гэта сёння Прэзідэнт Беларусі заявіў падчас рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць. Аляксандр Лукашэнка канкрэтызаваў сваё даручэнне разабрацца да мая з працаўладкаваннем беспрацоўных грамадзян. Разам з тым неабходна прадоўжыць стварэнне новых рабочых месцаў на дзеючых прадпрыемствах і тых, якія ўводзяцца ў строй, пры неабходнасці навучаць людзей новым спецыяльнасцям. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў і патрабаванне не звальняць людзей без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады.

Кіраўнік дзяржавы наведаў саўгас "Лідскі" і азнаёміўся з ходам вяснова-палявых работ. Сёлета сяўбу ярыны плануецца правесці, улічваючы рэкамендацыі навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук краіны. Плошчы пад сельгаспасевы складуць амаль 2 з паловай мільёны гектараў. Насення ярыны і зернебабовых культур у СВК Беларусі больш чым дастаткова. Тут жа Прэзідэнту прадэманстравалі і мадэлі сельгастэхнікі, выпушчанай айчыннымі прадпрыемствамі. Паказалі і машыны для ўнясення мінеральных і вадкіх арганічных угнаенняў.

Таксама сёння Аляксандр Лукашэнка наведаў мясаперапрацоўчае прадпрыемства "Арвібелагра". Агульны аб'ём інвестыцый, накіраваных на рэалізацыю праекта, больш за 30 мільёнаў еўра. Тут плануецца стварыць 170 рабочых месцаў. Прэзідэнту далажылі пра стан і новыя кірункі развіцця птушкагадоўлі ў краіне. Кіраўнік дзяржавы ўбачыў сучасныя тэхналогіі перапрацоўкі мяса індычкі і сустрэўся з працоўным калектывам прадпрыемства.

Падчас гутаркі Кіраўнік дзяржавы шчыра адказаў на пытанні аб апошніх падзеях у краіне: залішняй палітызацыі Курапат - месца, якое, насамрэч, павінна стаць сімвалам смутку і памяці, затрыманні экстрэмістаў, якія рыхтавалі масавыя беспарадкі на тэрыторыі Беларусі. Прэзідэнт заявіў, што ўкраінскага сцэнарыя ў Беларусі не дапусцяць.

Вялікі рэпартаж аб рабочай паездцы Прэзідэнта ў Гродзенскую вобласць глядзіце ў 9 вечара ў эфіры "Панарамы".