Лукашэнка: Прадпрыемствы з нізкай зарплатай неабходна ў наступным годзе падцягнуць да ўзроўню ў тысячу рублёў

12 августа 2017

Такое даручэнне напярэдадні даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, знаёмячыся з сацыяльна-эканамічным развіццём Брэста. Праз 2 гады горад адзначыць сваё тысячагоддзе. Да юбілейнай даты абласны цэнтр змяняецца, з'яўляюцца новыя аб'екты, мікрараёны. З узвядзеннем такіх жылых комплексаў азнаёміўся і Кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, Прэзідэнт запатрабаваў прывесці ў парадак мясцовы аэрапорт і ўнесці прапановы па яго загрузцы. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся пытаннямі занятасці насельніцтва, а таксама ўзроўнем зарплаты.

Аляксандр Лукашэнка пабываў на пляцоўцы яшчэ аднаго маштабнага аб'екта. Гэта будаўніцтва ў Брэсце так званага Заходняга абходу. Транспартная развязка дазволіць разгрузіць горад ад вялікага аўтамабільнага трафіку. Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу, што пры будаўніцтве транспартнай артэрыі, трэба захоўваць інтарэсы людзей. Бо прыйдзецца знесці частку жылых дамоў. Завяршыць будаўніцтва Заходняга абходу плануецца ў 2019 годзе - да тысячагоддзя Брэста.

Акрамя гэтага, Прэзідэнт наведаў прадпрыемства "Савушкін прадукт". Аляксандр Лукашэнка агледзеў мадэрнізаваную вытворчасць. За апошнія 10 гадоў кампанія ўклала ў абнаўленне амаль 300 мільёнаў долараў. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Беларусь атрымлівае вялікую аддачу ад сродкаў, накіраваных на мадэрнізацыю перапрацоўчай прамысловасці. За дасягненні ў гаспадарчым развіцці Прэзідэнт уручыў камандзе завода ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Гэта не толькі знак высокага прызнання заслуг усяго калектыву, але і паказчык народнай любові да вядомай малочнай маркі.