Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з развіццём сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі

27 мая 2017

Праграмы, падручнікі, графік заняткаў - пра ўсё гэта вёў размову Прэзідэнт падчас наведвання сталічнай школы. Як расказаў профільны міністр Ігар Карпенка, ужо з 1 верасня ўсе вучэбныя праграмы будуць абноўленыя, зменяцца і падручнікі. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з развіццём сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Аляксандру Лукашэнку паказалі адзін з сігнальных асобнікаў новых падручнікаў, а таксама сучасную тэхналогію "карцінак, якія ажываюць". Прэзідэнту расказалі пра адукацыйны партал, дзе ў свабодным доступе самая розная інфармацыя для вучняў, бацькоў і педагогаў. Было закранута і пытанне аптымальнага часу пачатку заняткаў у школах. Галоўнае, як лічыць беларускі лідар, - здароўе дзяцей.

На сустрэчы з Прэзідэнтам у нефармальнай атмасферы вучні гаварылі на самыя розныя тэмы. Гутарка атрымалася адкрытай: шчырасць пытанняў, непадробная цікавасць і неабыякавасць у вачах. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, такая моладзь - знаходка для краіны.

На базе 61-й мінскай школы арганізавалі выставу праектаў і дасягненняў навучэнцаў з розных рэгіёнаў Беларусі, а запрошана больш за 300 юнакоў і дзяўчат. Гэта школьнікі, якія валодаюць лідарскімі якасцямі і актыўныя ў грамадскім жыцці. Сярод іх удзельнікі форуму моладзевага парламентарызму. Школьнікі расказалі Прэзідэнту пра тое, якія творчыя ідэі яны ўвасабляюць у жыццё, прэзентавалі ўласныя распрацоўкі і вынаходкі.