Будучыню айчыннага трактарабудавання абмяркоўвалі сёння ў Прэзідэнта

25 июля 2017

Тэхніка, якая патрэбна краіне і запатрабаваная за мяжой.

Будучыню айчыннага трактарабудавання абмяркоўвалі сёння ў Прэзідэнта. Ад гэтага шмат у чым залежыць і праца ўсяго аграсектара ў краіне. Урад прапанаваў заняцца вытворчасцю новых мадэляў трактароў на пляцоўцы "Амкадора". Праект быў пададзены Прэзідэнту. Віцэ-прэм'еры, міністры, прамыслоўцы ўзважвалі ўсе за і супраць. Рашэнне ў гэтай галіне закранае рэгіёны і сумежныя прадпрыемствы.

Так, на холдынг МТЗ, напрыклад, працуюць 7 заводаў. У Бабруйску выпускаюць запчасткі і навясное абсталяванне. Частку дэталяў вырабляе віцебскі завод. Плугі і шасцярні робяць сталічныя майстры. Міні-тэхніку і абсталяванне да іх збіраюць у Смаргоні. У Хойніках і Нароўлі вырабляюць гідраапаратуру. А на Мазырскім машынабудаўнічым - гусенічныя трактары, тэхніку для лясной гаспадаркі, пагрузчыкі і многае іншае.

Прэзідэнта цікавіла, як ідуць справы на "Амкадоры" і МТЗ. Наколькі стварэнне новага завода ўвязана з дзеючымі вытворчасцямі.

У выніку гутаркі прыйшлі да высновы, што адназначна трэба ўзяцца за выпуск новых мадэляў трактарнай тэхнікі. Гэта машыны з асаблівай канструкцыяй рамы - у палях яны больш манеўраныя. І сёння карыстаюцца попытам. Аднак пад якім брэндам будуць выпускаць такую тэхніку, яшчэ канчаткова не вырашана. Магчыма, беларускія вытворцы проста абмяняюцца сваімі тэхналогіямі і напрацоўкамі. Не выключана, што "Амкадор" і МТЗ пойдуць на цесную кааперацыю. Гэта дазволіць аб'яднаць лепшых спецыялістаў і сысці ад лішніх выдаткаў, якія ўзнікаюць пры стварэнні вытворчасці з нуля. Прапановы наконт таго, у якім дакладна фармаце будуць працаваць прамыслоўцы, Кіраўніку дзяржавы павінны быць пададзены да канца лета.

У цэлым машынпрам нацэлілі на пашырэнне лінейкі тэхнікі, якая патрэбна і беларускім аграрыям і будзе запатрабаваная замежнымі пакупнікамі.

Дарэчы, кожны дзясяты трактар у свеце - з Беларусі. МТЗ працуе ў 60 краінах і мае зборачныя канвееры ў розных кутках планеты.