Прэзідэнт

Спампаваць

20 Красавіка 2017 21:01

Беларусь і Ніжагародская вобласць разлічваюць выйсці на ўзровень тавараабароту ў мільярд долараў

Беларусь і Ніжагародская вобласць разлічваюць выйсці на ўзровень тавараабароту ў мільярд долараў. Новую планку сёння паставілі па выніках перамоў Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам расійскага рэгіёна Валерыем Шанцавым. Беларусь і Ніжагародская вобласць - даўнія і надзейныя партнёры. Створаная добрая база для вытворчай кааперацыі. У расійскім рэгіёне наладжаная зборка беларускіх ліфтаў, адкрыты Гандлёвы дом "Белшына", працуюць дылеры Гамсельмаша, "Амкадора", МТЗ і МАЗ. Пры гэтым бакі гатовыя развіваць супрацоўніцтва. Актыўна. Сярод найбліжэйшых перспектыў - будаўніцтва аб'ектаў пад ключ, АПК, гуманітарная сфера. Разам з тым, як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, на фоне пазітыўных тэндэнцый некаторыя расійскія тэлеканалы займаюцца рознымі інсінуацыямі. Што выклікае пытанні… Працягне тэму Ілона Красуцкая.

З'яўленне на вуліцах Мінска расійскага трыкалора - з'ява звычная. Роўна, як і пастаянна, на слыху тэма саюзнай інтэграцыі. Нядаўняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Акрамя таго, умацоўваем міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Прымаем расійскія дэлегацыі на чале з губернатарамі. У журналістаў, безумоўна, ёсць свая статыстыка. Бадай, самыя частыя госці з Ніжагародскай вобласці. Ім лепш за іншых знаёмыя інтэр'еры Палаца Незалежнасці.

З 2005 года рэгіён узначальвае Валерый Шанцаў. Чалавек дасведчаны. Амаль дзесяць гадоў прапрацаваў на пасадзе віцэ-мэра Масквы. Яшчэ з тых пор не тое, што знаёмы - добра дружны з Аляксандрам Лукашэнкам. Як правіла, колькасць візітаў расійскіх дэлегацый сінхронная календару. Хтосьці прыязджае ўпершыню, хтосьці раз другі. Але ў гэтым плане Валерый Шанцаў абсалютны рэкардсмен, у Мінску шосты раз. Гэта традыцыя. Прыязджае ўвесну, абавязкова ў красавіку.

Ніжні Ноўгарад і першыя асацыяцыі. Прамысловы цэнтр Расіі. Горад на Волзе. Вырабы рамеснікаў - з узорам хахламы. А яшчэ легендарныя аўтамабілі "Волга", "Чайка" і "Перамога". Мары кожнага савецкага грамадзяніна сыходзілі з канвеераў Горкаўскага аўтазавода. На авіябудаўнічым прадпрыемстве зараз выпускаюць знішчальнікі МіГ-29. Яны стаяць на ўзбраенні шматлікіх краін свету. У вобласці ёсць і адзіны ў Расіі вытворца "чорных скрынь". Добра ведаюць у рэгіёне і аб Беларусі. Наладжаная зборка ліфтаў, адкрыты Гандлёвы дом прадпрыемства "Белшына". Працуюць дылеры МТЗ, МАЗ, Амкадора. На паліцах мясцовых магазінаў абавязкова беларуская малочка.

Зрэшты, для найбуйнейшага цэнтральнага рэгіёна Расіі Беларусь - гандлёвы партнёр нумар 1. Мы наперадзе Нідэрландаў і Бельгіі. Добры прыклад не толькі для іншых расійскіх абласцей, краін-партнёраў і тых, хто часта гаворыць аб эканамічным крызісе.

Летась - 7-працэнтны рост тавараабароту. Разам - больш за паўмільярда долараў. Праўда, у Валерыя Шанцава ў дакументах куды больш вялікая лічба. Няма ніякай памылкі. Бо па некаторых кірунках супрацоўніцтва паміж рэспублікай і расійскім рэгіёнам здзяйсняецца не напроста. І некаторыя сумы трапляюць у агульны гандлёвы залік з Расіяй. Сёння на сустрэчы ў Палацы Незалежнасці гаворка ішла аб новай планцы.

Сёння Валерый Шанцаў ганарыцца вынікамі ў АПК. А першапачаткова досведу ў дадзенай сферы было няшмат. У маскоўскай мэрыі чыноўнік займаўся некалькі іншым профілем працы. За прыклад узялі падыход краіны-суседкі. Зараз рэгіён цалкам забяспечвае сябе збожжам і гароднінай. Аляксандр Лукашэнка і далей прапаноўвае больш актыўна выкарыстоўваць беларускія тэхналогіі.

Найбуйнейшы сумесны праект - у энергетычнай сферы. Ніжагародская кампанія "Атамбудэкспарт" удзельнічае ў будаўніцтве і праектаванні блокаў беларускай АЭС. Акрамя таго, кадры для атамнай станцыі рыхтуюць у ВНУ расійскага рэгіёна. Прэзідэнт прапаноўвае не спыняцца на адным праекце.

Відавочна, Аляксандру Лукашэнку губернатар імпануе не толькі як дзяржаўны дзеяч, але і чалавек. Ва ўласцівай манеры беларускі лідар быў настроены на вельмі адкрытую гутарку. Шчырасць і адкрытасць датычыліся як бачання перспектыў двухбаковага супрацоўніцтва, так і ацэнкі апошніх падзей. Здавалася б, сумненні асобных скептыкаў Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін развеялі пару тыдняў таму падчас асабістай сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу. Амаль 6 гадзін перамоў. Насычаны парадак сустрэчы. Па выніках - абодва лідары пацвердзілі: на двухбаковым трэку - усё ў парадку. У адносінах краін не засталося невырашаных пытанняў.

Тым не менш, у расійскіх СМІ перыядычна ўзнікаюць рознага роду здагадкі і інсінуацыі. Не рэагаваць ужо сапраўды не ў стылі нашага Прэзідэнта.

Ніжні Ноўгарад зараз нагадвае адну вялікую будоўлю. У наступным годзе ў ліку іншых гарадоў Расія прыме грандыёзнае свята футбола - чэмпіянат свету.

У перадпачатку мундыялю будаваць прыйдзецца шмат. Галоўны стадыён, гасцінічныя комплексы, неабходная інфраструктура: паркоўкі, дарогі. Тут ізноў разлічваюць на дапамогу беларускіх калегаў, за плячамі якіх сусветнае першынство па хакеі і падрыхтоўка да Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

Беларусь абновіць усю лінейку ніжагародскага транспарту. Дарэчы, Валерый Шанцаў з тых, каго завуць "народны губернатар", аддае перавагу асабістаму тэст-драйву. Будзь тое кабіна беларускага трактара або ліфта. Вось і сёння з аўто прадстаўніцкага класа перасеў на электробус. Айчынную навінку губернатару паказалі на заводзе "Белкамунмаш".

Вось ужо як 12 гадоў за прамоўшан узаемных інтарэсаў у гандлі, навуцы, гуманітарнай сферы паміж Мінскам і Ніжагародскай вобласцю адказны Савет дзелавога супрацоўніцтва. Сустракаюцца штогод. Абавязкова візуюць узаемавыгадныя дамовы. З апошніх - пастаўкі аўтакампанентаў, абсталяванне ад Магілёўліфтмаша.

Аб развіцці двухбаковых сувязяў сёння ішла размова і ва ўрадзе. З беларускага боку ў расійскім рэгіёне ўжо паспяхова працуе некалькі тавараправодных сетак. Шырока прадстаўленыя харчовая, машынабудаўнічая і лёгкая прамысловасць. Беларускі прэм'ер прапаноўвае прынцыпова новыя праекты.

Традыцыйная частка візіту замежных дэлегацый - наведванне плошчы Перамогі. Ля манумента ў цэнтры Мінска з гэтага часу вянок і ад губернатара Ніжагародскай вобласці. Гэты расійскі рэгіён, як і шматлікія іншыя, у часы Вялікай Айчыннай панёс каласальныя страты.

З пачатку года ў Мінску пабывалі дэлегацыі Стаўраполля, Кастрамской, зараз Ніжагародскай вобласці. Як правіла, візіты трохдзённыя. Сур'ёзныя людзі настроеныя на сур'ёзны дыялог і не спяшаюцца пакідаць Мінск. Вось і дэлегацыя Ніжагародскай вобласці заўтра наведае прадпрыемства па выпуску кампанентаў для дарожна-будаўнічых, сельгас- і камунальных машын "Салеа". А адразу пасля разам з губернатарам у аэрапорт. І нават калі шлях няблізкі, усё роўна Сахалін, Перадкаўказзе або горад на Волзе. Беларусь па-ранейшаму робіць асаблівую стаўку на развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва - падмурак адносін Беларусі і Расіі. 

 

Iншыя навіны

Поздравление с Днем пограничника Віншаванне з Днём пагранічніка 28.05.2017 09:02 / Прэзідэнт Віншаванне з Днём пагранічніка