Аляксандр Лукашэнка патрабуе забяспечыць перапрацоўку ўсёй драўніны ўнутры Беларусі

24 января 2017

Пра гэта Кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, заслухоўваючы даклад аб экспарце круглых лесаматэрыялаў. Са студзеня мінулага года ўказам Прэзідэнта ўведзена забарона паставак за мяжу неапрацаванай драўніны. Выключэнне - форс-мажорныя акалічнасці, напрыклад, масавы вал дрэў з-за ўрагану. У 2016 і першай палове гэтага года Мінлясгас атрымаў дазвол экспартаваць 4 мільёны кубаметраў сыравіны. Гэта распілаванае бярвенне, у тым ліку і лес, павалены ліпеньскімі ўраганамі. У краіне назіраецца прафіцыт сыравіны. Летась нарыхтаваны рэкордны аб'ём - 21 мільён кубаметраў. З-за таго, што некаторыя прадпрыемствы канцэрна Беллеспаперапрам не загружаныя, бо знаходзяцца ў стадыі мадэрнізацыі, урад прапануе прадоўжыць дзеянне квот. Экспарт лесу не разглядаецца як самамэта. Асноўная задача па-ранейшаму ў забеспячэнні сыравінай унутранага рынку і як вынік выпуск экспартна арыентаванай прадукцыі.

Сёлета за мяжу адправіцца партыя ў амаль 2 мільёны кубаметраў круглага лесу. Тым не менш Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў Мінлясгас, што гэты дазвол стане апошнім. Патрабаванне нязменнае: уся драўніна павінна перапрацоўвацца ўнутры краіны. У лістападзе адкрыецца новы завод Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Менавіта на гэта прадпрыемства будзе пастаўляцца той аб'ём драўніны, які зараз экспартуецца за мяжу ў круглым выглядзе.

Сярод ключавых даручэнняў Прэзідэнта - выкараненне шэрых схем вывазу драўніны. Урад ужо прыняў меры, каб піловачнік не ішоў на экспарт пад выглядам калоў і слупоў. Пастанова аб ліцэнзаванні гэтых відаў прадукцыі ўступае ў сілу 1 лютага. А вось дата 1 мая стане апошняй для навядзення парадку ў лясах Беларусі. Караць будуць рублём. Кіраўнік дзяржавы прапануе павялічыць штрафы за вываз смецця на тэрыторыю лясных масіваў.