Аляксандр Лукашэнка: Эфектыўным і выніковым павінна быць маючае адбыцца пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы

20 июня 2017

Эфектыўным і выніковым павінна быць маючае адбыцца пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Сёння аб гэтым заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.

Мерапрыемства пройдзе 29-30 чэрвеня ў Маскве. Парадак дня звярстаны, у яго ў тым ліку будуць уключаныя пытанні прамысловай кааперацыі Беларусі і Расіі. Паралельна ў гэтыя дні пройдзе форум рэгіёнаў дзвюх краін. На гэты раз ён прысвечаны высокім тэхналогіям і інавацыям. Да падпісання гатовыя 60 праектаў дакументаў. Чакаецца, што Беларусь і Расія падпішуць кантракты не менш чым на 300 мільёнаў долараў. Вытворцы прадэманструюць свае тавары на спецыялізаванай выставе.

Расказвае Вольга Макей.

Наўрад ці на карце свету знойдуцца дзяржавы, якіх звязвалі б адносіны цяснейшыя за беларуска-расійскія. Палітыка, эканоміка, агульная бяспека, космас, тэхналогіі… За 25 гадоў дыпадносінаў (а юбілей ужо ў гэтую нядзелю) не засталося ніводнай сферы, у якой Мінск і Масква не мелі б трывалых кантактаў. Але больш важныя за любыя дамоўленасці простыя чалавечыя адносіны паміж беларусамі і расіянамі. Ды і наўрад ці знойдуцца лідары, якія бачыліся б часцей, чым прэзідэнты дзвюх краін.

Летась журналісты падлічылі: за 15 гадоў Аляксандр Лукашэнка бываў у Расіі 85 разоў. Зараз гэтая лічба ўжо большая. І такая колькасць візітаў толькі пацвярджае: вельмі многае аб'ядноўвае краіны.

Расія - асноўны гандлёвы партнёр Беларусі. Амаль палова нашага экспарту адпраўляецца менавіта суседзям. Больш за 8 тысяч прадпрыемстваў дзвюх краін звязаныя кааперацыяй, сумесных вытворчасцяў больш як 70. Такімі лічбамі наўрад ці могуць пахваліцца іншыя дзяржавы.

Мінчане ведаюць: горад упрыгожвае трыкалор - значыць, у госці чакаюць усходніх суседзяў. З губернатарамі беларускі лідар сустракаецца асабіста. Гэта не проста традыцыя, супрацоўніцтва з рэгіёнамі - надзейная апора саюзнай эканомікі. Ужо цяжка ўспомніць, хто з расійскіх губернатараў не прыязджаў у Мінск. Толькі з пачатку года Аляксандр Лукашэнка прымаў у сябе дэлегацыі пяці абласцей.

Напрыканцы чэрвеня ў Маскве чарговая нагода для сустрэчы - чацвёрты форум рэгіёнаў дзвюх краін. Калі на першым абмяркоўвалі развіццё АПК, на другім - прамысловую палітыку, на трэцім - сацыяльна-гуманітарнае супрацоўніцтва, на гэты раз у цэнтры ўвагі інтэграцыя ў сферы высокіх тэхналогій.

Сімвалічна, што форум пройдзе ў самым сучасным і прэстыжным раёне расійскай сталіцы. Экспацэнтр размешчаны ў Масква-Сіці, вядомым сваімі небаскробамі.

Форум рэгіёнаў у першую чаргу - пляцоўка для дыялогу кіраўнікоў прадпрыемстваў дзвюх краін. А гэта значыць, у губернатараў, дырэктараў фабрык і заводаў будзе магчымасць не толькі абмеркаваць сумесныя планы, але і абмяняцца пячацямі на кантрактах. Да падпісання ўжо рыхтуюць 60 дакументаў. Калі на другім форуме сума пагадненняў перавысіла 230 мільёнаў долараў, на трэцім была ўжо каля 300. І на гэты раз планку зніжаць не збіраюцца.

Каб дэталёва абмеркаваць план на саюзны каляндар, дзяржсакратар Рыгор Рапота прыляцеў на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Чэрвень распісаны літаральна па днях.

На мінулым тыдні адразу дзве маштабныя падзеі: у Мінску сустракаліся парламентарыі дзвюх краін, у Санкт-Пецярбургу збіраўся ўжо Савет міністраў.

На наступным тыдні развіццё супрацоўніцтва дэталёва абмяркуюць прэзідэнты на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Перамовы ў Маскве запланаваныя на 30 чэрвеня.

Парадак дня саміту кампактны, але на гэты раз большая частка тэм арыентаваная на практыку. Прэзідэнты абмяркуюць, як развіваць у будучыні саюзнае машынабудаванне, асобным пунктам і супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы. Эфектыўнасць і выніковасць - вось чаго чакаюць ад маючай адбыцца сустрэчы.

Ужо пасля, адказваючы на пытанні журналістаў, Рыгор Рапота акрэсліць праблемы, якія ўсё яшчэ існуюць у саюзнай прасторы. Сярод новых - барацьба з кантрафактам. Выпадкі, калі падрабляюць саюзныя брэнды, асабліва беларускія, усё яшчэ ёсць. З аднаго боку, значыць, прадукт папулярны, з другога, пакутуе спажывец і вытворца. Як вырашаць гэтую праблему, таксама абмяркуюць у Маскве.

Вядома, за 25 гадоў дыпадносінаў паміж дзвюма краінамі бывалі розныя часы, без праблем, вядома, не абыходзіцца. Не ўзнікаюць яны, як кажуць, у тых, хто нічога не робіць. Але спрэчныя пытанні з'яўляюцца толькі таму, што галоўная мэта - зрабіць жыццё ў саюзнай прасторы лепей. І праз роўныя ўмовы агульнай эканомікі. Шлях да гэтай мэты - асноўная саюзная задача, лічыць адзін з галоўных перагаворшчыкаў з беларускага боку віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.

Уладзімір Сямашка, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Кожны думае аб народзе, аб краіне. У нас галоўная мэта - захаванне адзінага рынку. У нас гадоў 8-10 таму была небяспечная залежнасць - 75% ішло ў Расію, зараз 52. Гэта дамінуючы рынак. Хочам захаваць рынак, каб перамяшчаліся без дыскрымінацый. У нас гэта атрымліваецца з невялікімі нюансамі. Гэта галоўнае - захавалі адзіны рынак".

Каб шліфаваць тыя самыя нюансы, і сустракаюцца лідары. Напрыклад, красавіцкія перамовы ў Пецярбургу чарговы раз прадэманстравалі крытыкам: у адносінах Мінска і Масквы няма невырашальных пытанняў. Абсалютна па любых тэмах - ці то эканоміка або палітыка - кампраміс заўсёды знойдзецца.

Ды і ў кулуарах астанінскага саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва было прыкметна: сустракаюцца не проста саюзнікі - сябры.