Палажэнне

ПАЛАЖЭННЕ
аб арганізацыі і правядзенні перадвыбарных выступленняў і тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання


ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ


1. Дадзенае Палажэнне аб арганізацыі і правядзенні перадвыбарных выступленняў і тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання (далей - кандыдаты ў дэпутаты) вызначае ўмовы правядзення выступленняў і правілы ўдзелу ў тэледэбатах, правы і абавязкі арганізатара і ўдзельнікаў.
2. Для мэтаў гэтага Палажэння прымяняюцца наступныя тэрміны і іх азначэнні:
вядучы (вядучыя) - асоба (асобы), вызначаная Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Рэспублікі Беларусь (далей - Белтэлерадыёкампанія) для правядзення тэледэбатаў і надзеленая адпаведнымі паўнамоцтвамі;
выступленне – асабісты зварот кандыдата ў дэпутаты да грамадзян з выкладаннем ўласнай перадвыбарнай праграмы (платформы);
тэледэбаты - выказванні двух і больш кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па шырокім коле грамадска значных праблем, у тым ліку паведамленні, што датычацца перадвыбарных праграм іншых кандыдатаў, зробленыя па тэлебачанні падчас публічнага абмену думкамі, пытаннямі;
арганізатар выступленняў і тэледэбатаў - Белтэлерадыёкампанія;
удзельнік тэледэбатаў - кандыдат у дэпутаты, які ўдзельнічае ў дэбатах, або давераная асоба, упаўнаважаная кандыдатам у дэпутаты.
3. Перадвыбарныя выступленні і тэледэбаты арганізуюцца і праводзяцца ў адпаведнасці з артыкулам 46 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь і Палажэннем аб парадку выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, зацверджанага пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 28 чэрвеня 2016 года № 32.
4. Мэта арганізацыі і правядзення выступленняў і тэледэбатаў - забеспячэнне рэалізацыі права кандыдатаў у дэпутаты на выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі ў перадвыбарнай агітацыі.

ГЛАВА 2
ТЭРМІНЫ І ЎМОВЫ АРГАНІЗАЦЫІ І ПРАВЯДЗЕННЯ ПЕРАДВЫБАРНЫХ ВЫСТУПЛЕННЯЎ, ТЭЛЕДЭБАТАЎ


5. Кандыдат у дэпутаты мае права на адно выступленне па тэлебачанні працягласцю не больш за пяць хвілін.
6. Дата і час выхаду ў эфір тэлеперадач з перадвыбарнымі выступленнямі кожнага з кандыдатаў у дэпутаты вызначаецца ў адпаведнасці з жараб’ёўкамі, што праводзяцца акруговымі выбарчымі камісіямі не пазней за 12 жніўня 2016 г.
Паводле жараб’ёўкі акруговыя выбарчыя камісіі зацвярджаюць графік размеркавання эфірнага часу для выступленняў, які на наступны дзень пасля правядзення жараб’ёўкі перадаецца ў Белтэлерадыёкампанію.
7. Час для выступлення па тэлебачанні і тэледэбатаў даецца кандыдатам у дэпутаты, якія балаціруюцца ў выбарчых акругах, створаных на тэрыторыі горада Мінска, у эфіры тэлеканала “Беларусь 3”.
8. Эфірны час для выступленняў кандыдатаў у дэпутаты даецца па рабочых днях з 15 жніўня па 2 верасня 2016 г. з 19.00 да 20.00 з улікам сеткі вяшчання тэлеканала “Беларусь 3”.
9. Даты правядзення тэледэбатаў вызначаюцца Белтэлерадыёкампаніяй.
10. Тэлеперадачы з перадвыбарнымі выступленнямі кандыдатаў у дэпутаты і тэледэбаты ідуць у запісе.
Запіс выступленняў ажыццяўляецца не раней за пяць сутак і не пазней за адны суткі да выхаду тэлеперадачы з выступленнем у эфір.
Запіс тэледэбатаў ажыццяўляецца не пазней за адны суткі да выхаду дэбатаў у эфір.
11. Кандыдатам ў дэпутаты паведамляецца пра дату, час і месца запісу выступленняў акруговымі выбарчымі камісіямі пры правядзенні жараб’ёўкі, а тэледэбатаў – Белтэлерадыёкампаніяй, не пазней за адны суткі да правядзення запісу тэледэбатаў.
12. Белтэлерадыёкампанія забяспечвае падрыхтоўку перадач з выступленнямі кандыдатаў у дэпутаты, правядзенне тэледэбатаў, а таксама інфармуюе тэлегледачоў пра выступленні кандыдатаў у дэпутаты, правядзенне тэледэбатаў з указаннем назваў і нумароў выбарчых акруг, у якіх балаціруюцца кандыдаты ў дэпутаты.
13. Выступленні кандыдатаў у дэпутаты, дэбаты не перапыняюцца для рэкламы.
14. Эфірны час, не выкарыстаны па віне кандыдата ў дэпутаты поўнасцю або часткова, зноў яму не даецца.
15. Калі кандыдат ў дэпутаты не ўдзельнічае ў тэледэбатах гэта не прадугледжвае павелічэння аб'ёму эфірнага часу, які даецца кандыдату бясплатна.
16. Запісы выступленняў кандыдатаў у дэпутаты і тэледэбатаў захоўваюцца ў Белтэлерадыёкампаніі і з'яўляюцца яе ўласнасцю. Асобнікі (копіі) запісаў выступленняў кандыдатаў у дэпутаты і тэледэбатаў грамадзянам і арганізацыям не выдаюцца, за выключэннем выпадкаў, калі гэта прадугледжана заканадаўствам. Выкарыстанне запісаў выступленняў кандыдатаў у дэпутаты і тэледэбатаў без дазволу Белтэлерадыёкампаніі не дапускаецца.
Запісы выступленняў кандыдатаў у дэпутаты і тэледэбатаў захоўваюцца цягам аднаго года з дня іх выпуску.

ГЛАВА 3
ПАРАДАК УДЗЕЛУ Ў ПЕРАДВЫБАРНЫХ
ВЫСТУПЛЕННЯХ І ТЭЛЕДЭБАТАХ


17. Удзел у перадвыбарных выступленнях і тэледэбатах добраахвотны.
18. Заяву на ўдзел у тэледэбатах кандыдат у дэпутаты асабіста або праз свайго прадстаўніка падае ў акруговую выбарчую камісію пры правядзенні жараб’ёўкі па вызначэнні даты і часу выступленняў кандыдатаў па тэлебачанні.
Акруговая выбарчая камісія пры паступленні заяў на ўдзел у тэледэбатах ад двух і больш кандыдатаў складае спіс удзельнікаў тэледэбатаў і перадае яго разам з графікам размеркавання эфірнага часу ў Белтэлерадыёкампанію не пазней за 12 жніўня 2016 г.
19. Тэледэбаты праводзяцца пры ўдзеле ў іх не менш за два кандыдаты ў дэпутаты, якія балаціруюцца ў выбарчай акрузе, створанай на тэрыторыі горада Мінска.
Кандыдат у дэпутаты мае права ўпаўнаважыць для ўдзелу ў тэледэбатах давераную асобу.
20. Кандыдат у дэпутаты ў выпадку адмовы ад удзелу ў запісе выступлення паведамляе пра гэта Белтэлерадыёкампаніі не пазней за 24 гадзіны да правядзення запісу.
Кандыдат у дэпутаты ў выпадку адмовы ад удзелу ў тэледэбатах пасля накіравання ў Белтэлерадыёкампанію спіса, названага ў частцы другой пункта 18, падае адпаведную пісьмовую заяву ў акруговую выбарчую камісію не пазней за адзін дзень да запісу перадачы з дэбатамі. Акруговая выбарчая камісія тэрмінова інфармуе пра гэта Белтэлерадыёкампанію.
21. Кандыдаты ў дэпутаты, удзельнікі тэледэбатаў прыбываюць да месца правядзення запісу адны або ў суправаджэнні не больш за дзве асобы за 45 хвілін да прызначанага часу.
У выпадку несвоечасовай яўкі Белтэлерадыёкампанія мае права прыняць рашэнне аб недапушчэнні кандыдата ў дэпутаты да правядзення запісу выступлення, удзельніка тэледэбатаў да ўдзелу ў тэледэбатах.
22. Перад выступленнем, пачаткам тэледэбатаў кандыдаты ў дэпутаты, удзельнікі тэледэбатаў знаёмяцца з гэтым Палажэннем, інструктуюцца аб парадку іх размяшчэння ў студыі, аб асаблівасцях размяшчэння мікрафонаў, тэлекамер, аб парадку працы персаналу ў студыі і па іншых пытаннях, звязаных з запісам выступлення або тэледэбатаў, што могуць іх зацікавіць.
Пры вызначэнні месцазнаходжання кандыдата ў дэпутаты ў студыі ў працэсе запісу перадвыбарнага выступлення ўлічваюцца яго пажаданні адносна правядзення выступлення ў становішчы стоячы ці седзячы перад тэлекамерамі, з выкарыстаннем тэлесуфлёра або без яго.

ГЛАВА 4
РЭГЛАМЕНТ ТЭЛЕДЭБАТАЎ


23. Для правядзення тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты рэзервуецца эфірны час з разлікам не больш за 5 хвілін аднаму кандыдату і 5 хвілін вядучаму дэбатаў. 
24. Чарговасць выступленняў удзельнікаў дэбатаў вызначаецца шляхам жараб’ёўкі перад пачаткам запісу дэбатаў. Потым удзельнікі размяшчаюцца ў студыі.
25. Вядучы прадстаўляе ўдзельнікаў, згодна з жараб'ёўкай дае слова ўдзельнікам.
26. Кожнаму ўдзельніку даецца не больш за 5 хвілін эфірнага часу, які ўключае яго выступленне, пытанні іншым удзельнікам, адказы на пытанні, заключнае слова. Адведзены час падсумоўваецца.
Адлік часу робіцца па гадзінніку, які знаходзіцца ў полі зроку вядучага і ўсіх удзельнікаў дэбатаў.
27. У залежнасці ад ходу дэбатаў вядучы мае права прапанаваць для абмеркавання пытанні па рознай тэматыцы: палітычнай, эканамічнай, грамадскай, культурнай і інш.
28. Напрыканцы тэледэбатаў вядучы называе ўдзельнікаў дыскусіі, закрывае дэбаты.

ГЛАВА 5
ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ КАНДЫДАТАЎ У ДЭПУТАТЫ, ВЯДУЧАГА (ВЯДУЧЫХ) І ЎДЗЕЛЬНІКАЎ ТЭЛЕДЭБАТАЎ


29. Вядучы (вядучыя) тэледэбатаў вызначаецца Белтэлерадыёкампаніяй.
30. Вядучы (вядучыя) тэледэбатаў абавязаны:
сачыць за выкананнем дадзенага Палажэння;
сачыць за адлікам часу;
паведамляць удзельнікам пра заканчэнне часу;
пры заканчэнні часу перапыніць тых, хто выступае, а той, хто выступае, у сваю чаргу, абавязаны падпарадкавацца патрабаванню вядучага.
31. Вядучы (вядучыя) мае права паставіць ці ўдакладніць пытанне, перарваць выступленне ўдзельніка ці даць слова.
32. Кандыдат у дэпутаты мае права выступаць з праграмай сваёй будучай дзейнасці, тэкст якой вызначаецца кандыдатам.
У выступленнях і тэледэбатах кандыдат у дэпутаты мае права выкарыстоўваць наглядныя матэрыялы, якія характарызуюць кандыдатаў ці ілюструюць іх перадвыбарныя праграмы.
33. Не дапускаецца выкарыстанне ў выступленнях і тэледэбатах аўдыяматэрыялаў і відэаматэрыялаў.
34. Выступленні кандыдатаў у дэпутаты і ўдзельнікаў тэледэбатаў не павінны ўтрымліваць прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, заклікаў, якія схіляюць або якія маюць намер схіліць да зрыву, або адмены, або пераносу тэрміну выбараў, назначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама абраз і паклёпаў ў дачыненні да службовых асоб Рэспублікі Беларусь, іншых кандыдатаў у дэпутаты.
Забараняюцца агітацыя ці прапаганда сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай перавагі, выпуск і распаўсюджванне паведамленняў і матэрыялаў, якія абуджаюць сацыяльную, расавую, нацыянальную ці рэлігійную варожасць.