У ААН прынялі ініцыіраваную Беларуссю рэзалюцыю аб ролі прафесійнага перакладу ў збліжэнні народаў

25 мая 2017

Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю "Роля прафесійнага перакладу ў збліжэнні народаў, умацаванні міру, садзейнічанні паразуменню і развіццю". Распрацоўка дакумента была ініцыіраваная Беларуссю пры падтрымцы Азербайджана. Cуаўтарамі рэзалюцыі сталі 27 краін - членаў ААН. Пры прадстаўленні праекта рэзалюцыі пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас адзначыў своечасовасць распрацоўкі гэтага дакумента і яго сімвалічную накіраванасць не на інстытуты і структуры, а перш за ўсё на людзей, ад якіх залежыць поспех працы арганізацыі.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: 

«Гэта першая такога роду рэзалюцыя ў ААН. Яе ўнікальнасць у тым, што ўпершыню пераклад і перакладчыкі прызнаюцца як важны практычны інструмент умацавання і захавання шматмоўя ў свеце. Рэзалюцыя заклікана прасоўваць культурную і лінгвістычную разнастайнасць, а таксама садзейнічаць удасканаленню перакладчыцкай дзейнасці ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый».

Адзін з асноўных элементаў рэзалюцыі – аб’яўленне 30 верасня - Дня святога Іераніма, які традыцыйна лічыцца апекуном перакладчыкаў, - Міжнародным днём перакладу.