Кірмаш педагагічных інавацый прайшоў сёння ў Фаніпалі

18 августа 2017

Зрабіць больш разнастайнымі пазашкольныя заняткі і даступна тлумачыць тэарэмы і формулы. Кірмаш педагагічных інавацый прайшоў сёння ў Фаніпалі. Настаўнікі, метадысты і кіраўнікі ўстаноў адукацыі змаглі не толькі абмяняцца вопытам, але і прыняць да ўвагі вучэбныя дапаможнікі і прэзентацыі калег. Як рыхтуюцца да навучальнага года педагогі Мінскай вобласці - убачыла Наталля Кузьміцкая.

Падрыхтоўка да наступнага навучальнага года ва ўстановах адукацыі пачынаецца літаральна адразу пасля заканчэння папярэдняга. Пакуль дзеці адпачываюць на канікулах, іх настаўнікі распрацоўваюць новыя школьныя праграмы, падыходы да вучэбнай і выхаваўчай работы.

Сёння спартыўная зала Фаніпальскай сярэдняй школы пераўтварылася ў вялікі кірмаш адукацыйных інавацый: у ролі гандляроў – педагагічныя работнікі, у якасці тавараў на продаж – інтэлектуальная ўласнасць: метадычныя напрацоўкі, прэзентацыі, планы вучэбных і пазашкольных заняткаў.

Дырэктар сярэдняй школы № 2 горада Кобрына прэзентуе сваім калегам план арганізацыі летняй працоўнай занятасці навучэнцаў. Карысны дапаможнік можа спатрэбіцца ўжо ў найбліжэйшыя школьныя канікулы.

Для азнаямлення і набыцця было прапанавана больш за 100 адукацыйных праектаў, якія можна адразу ўкараняць у школьныя праграмы і расклады заняткаў.

Павысіць якасць вучэбнага працэсу праз эстэтычнае выхаванне прапануюць цэнтры дадатковай адукацыі. Акрамя творчых студый, кожны год праходзяць наборы і ў пазнавальныя - гурткі юных біёлагаў і натуралістаў.

Пераняць вопыт арганізацыі адукацыйнага працэсу і выхаваўчай дзейнасці сёння змаглі больш за 500 педагагічных работнікаў, каб належным чынам падрыхтавацца да ўсіх выклікаў цікавай, але напружанай школьнай пары 2017/2018-га навучальнага года.