У мінскіх універмагах ужо адкрыты школьныя кірмашы

19 июля 2017

Падрыхтоўка да 1-га верасня. У новым навучальным годзе за парты сядуць 185 тысяч вучняў, сярод іх 22 тысячы - першакласнікі.

У мінскіх універмагах ужо адкрыты школьныя кірмашы, у адной секцыі - усе неабходныя для вучобы тавары. У рамках падрыхтоўкі да школы ў Мінску арганізуюць 25 школьных кірмашоў. Надзея Сербіненка таксама адправілася на школьны шопінг.

Першыя школьныя кірмашы адкрыліся ў Мінску. Школьнае адзенне, абутак, канцылярскія прылады, партфелі ў поўным асартыменце ўжо на прылаўках буйных універмагаў. Ажыятаж пакуль не пачаўся. Да таго ж тавар можна набыць са скідкай 25 %.

Абмінуць наплыў пакупнікоў вырашыла і Вольга. Маці першакласніцы загадзя адправілася на школьны шопінг. Белая блузка, сіні сарафан, строгія туфлі - з гэтага пачаўся падбор адзення для шасцігадовай Дар'і.

Да пачатку верасня ў Мінску будуць працаваць 25 школьных кірмашоў. У буйных універмагах пад тавары для вучняў адводзяць цэлыя секцыі і нават паверхі, у многіх гандлёвых цэнтрах аформлены куткі першакласнікаў. Дыяпазон цэн шырокі.

Вялікага наплыву пакупнікоў – бацькоў разам са школьнікамі – у магазінах чакаюць напрыканцы жніўня. Галоўны гарадскі кірмаш пройдзе каля Палаца спорту 19 і 20 жніўня. А ў апошнія выхадныя лета ў Мінску разгорнецца міжнародная выстава тавараў і паслуг для дзяцей.