У гадавым крузе Радаўніца займае асаблівае месца

25 апреля 2017

Царкоўны і народны календары сёння аб'яднаныя вялікай і светлай датай. Паводле старажытнай традыцыі, якая бярэ свой пачатак з IV стагоддзя, кожны год у другі аўторак пасля Уваскрэсення Хрыстовага мы ўспамінаем нябожчыкаў. Радаўніца.

У гэты дзень хрысціяне не столькі смуткуюць па тых, хто пайшоў ад нас, колькі радуюцца іх нараджэнню ў іншым жыцці. Паводле хрысціянскай веры, душа чалавека вечная, і перамога над смерцю, здабытая Хрыстом, павінна выцесніць скруху па часовым расстанні з роднымі. У гадавым крузе Радаўніца займае асаблівае ўшанаванае месца.

Іерэй Андрэй Ламакін, клірык Свята-Духава кафедральнага сабора г. Мінска: "Сэнс Радаўніцы ў іншым... Раданіца, Радаўніца і Радуніца - па-рознаму называюць гэты дзень, але мы разумеем, што ён утрымоўвае ў сабе слова Радасць. І гэта самае галоўнае слова і сэнс гэтага свята. Але не звычайная радасць, а радасць аб уваскрэсшым Хрысце. Гэта самы цэнтр, самая аснова жыцця кожнага хрысціяніна".