Выгод няма, а плаціць за іх трэба

29 января 2015

Жыхары многіх дамоў у розных раёнах Мінска не могуць разабрацца з аплатай камунальных паслуг. У квітанцыі пішуць тое, чаго на самай справе няма. З такімі скаргамі да нас звярнуліся некалькі мінчан. За што варта плаціць і як не заблытацца ў інфармацыйна-камунальным патоку? Аляксей Кандраценка расставіў усе кропкі над і.

Звычайныя пяціпавярхоўкі ў спальным раёне сталіцы па вуліцы Чыгладзэ. Смеццеправодаў тут не было першапачаткова па праекце. Аднак, як сцвярджаюць некаторыя жыхары, плаціць за такую паслугу трэба. Гэта пазначана ў квітанцыі.

Зрэшты і на гэтым непаразуменні тут не скончыліся. Падчас рамонту сантэхнікі рэальнасць і арыфметыка зноў не сышліся.

Марына Уласава, жыхарка дома па вуліцы Чыгладзэ: "Ляжалі гэтыя муфты. Пры мне ўсё ляжала, але ніхто нічога не мяняў. Майстар сказаў: "І гэтыя добрыя". Калі прыйшла жыроўка і я падняла разліковы лісток, мне налічылі 305 тысяч, а насамрэч 114 тысяч павінна быць".

Такія казусы, гавораць мінчане, могуць узнікнуць з-за новага фармату квітанцый аб аплаце паслуг ЖКГ. Да іх яшчэ не ўсе прызвычаіліся.

Дакумент, згодна з якім усе мінчане аплачваюць камунальныя паслугі, зараз складаецца з дзвюх частак. Інфармацыі сапраўды шмат – менавіта з-за гэтага нярэдка і ўзнікае блытаніна.

Аднак камунальнікі парыруюць: у квітанцыі хоць і шмат інфармацыі, звяртаць галоўную ўвагу трэба на верхнюю частку бланка. Гэта тыя паслугі, за якія рэальна плацяць самі жыхары дамоў. Ніжняя частка - дадатковая інфармацыя. Па ёй аплачваць не трэба, толькі прыняць да ведама. Дарэчы, менавіта адтуль і ўзялася тая самая графа «абслугоўванне смеццеправода».

Яўген Бікша, начальнік разлікова-даведачнага цэнтра ЖРЭА № 2 Фрунзенскага раёна г. Мінска: "Абслугоўванне смеццеправодаў – гэта ўсе віды работ па санітарным, тэхнічным утрыманні смеццеправодаў, смеццепрыёмных камер, таксама гэта ўтылізацыя цвёрдых камунальных адходаў, плюс прыбіранне кантэйнерных пляцовак".

Гэта значыць, калі дом без смеццеправода, у ніжняй частцы квітанцыі пазначана «прыбіранне дваровых тэрыторый». Пры гэтым графа «абслугоўванне смеццеправода» захаваецца - шаблон дакумента адзіны для ўсіх тыпаў дамоў. Але насупраць яе грашовай сумы не будзе. Так што інфармацыі ў жыроўках хоць і шмат, але ўся яна карысная.