Секцыя мужчынскай спартыўнай гімнастыкі ў Крупках рыхтуе будучых чэмпіёнаў

24 февраля 2017

Яны трэніруюцца 6 дзён на тыдзень, каб дасягнуць поспехаў у вялікім спорце. Адзіная ў цэнтральным рэгіёне секцыя мужчынскай спартыўнай гімнастыкі, што ў Крупках, рыхтуе будучых чэмпіёнаў . Зараз стаўку робяць на самую маленькую групу – пачынаючым спартсменам усяго па 8-9 гадоў.

На трэніроўцы пабывала і Антаніна Станкевіч. У адрозненні ад мастацкай гімнастыцы, у гэтую секцыю прымаюць хлопчыкаў з 6-7 гадоў. І ўжо праз месяц-другі трэніровак спартсмены-пачаткоўцы дэманструюць нядрэнную расцяжку і гібкасць. Працэс трэніровак без болю не абыходзіцца, аднак без прыгожых і роўных шпагатаў і мосцікаў у спартыўнай гімнастыцы не абысціся.

Размінка, расцяжка – а потым юныя гімнасты пераходзяць да трэніровак на спартыўных снарадах. Тут дапамагаюць авалодаць практыкаваннямі на брусах, кольцах, турніку. А скачкі і перавароты ў паветры адпрацоўваюць на батутах.

Асаблівая ўвага – тэхніцы бяспекі. Спачатку – падрыхтоўчыя практыкаванні. І толькі пасля можна прыступаць да работы на снарадах.

Секцыя спартыўнай гімнастыкі сёння ледзь не самая папулярная сярод хлопчыкаў у Крупках. Не толькі дзеля амбіцыйных планаў прыводзяць сюды дзяцей. Аднак і для агульнага развіцця.

Спартсмены з Крупак – пастаянныя ўдзельнікі абласных і рэспубліканскіх стартаў. Аднак яны ведаюць дакладна – калі шмат трэніравацца, то можна трапіць і на сусветную арэну.