Праект "Кветкі Вялікай Перамогі. Агітпоезд" працягваецца

25 апреля 2015

І сёння незвычайны састаў спыніўся яшчэ ў двух гарадах нашай краіны - Жлобіне і Магілёве. На кожнай станцыі яго сустрэлі ветэраны, школьнікі і студэнты. Тэатралізаваныя шоу, ваенна-палявая кухня і, вядома ж, у кожнага ўдзельніка кампазіцыя з чырвона-зялёнай стужкі і яблыневай кветкі - сімвал святочнага пераможнага мая 45-га і гэтага нацыянальнага марафону, арганізатары якога - Саюз моладзі. Асобная ўвага на кожным прыпынку ў жыхароў беларускіх гарадоў да вагона-музея. Паводле папярэдніх падлікаў, за два дні - а менавіта столькі лакаматыў ужо ў дарозе - яго наведалі больш як 100 тысяч беларусаў. Скрозь гістарычную прызму на месцы баявой славы паглядзела наш карэспандэнт Улада Карніцкая.

Вось так яшчэ з самай раніцы ў Гомелі развітваліся з саставам, які практычна на дзень прывёз сюды сапраўднае свята.

Максімальная хуткасць гэтага лакаматыва - 160 кіламетраў за гадзіну. Але цеплавоз вязе адкрытую платформу з выставай і музей-вагон, едзем мы максімум - 80. А значыць, на наступнай станцыі ў Жлобіне мы будзем праз 2 гадзіны.

Ужо ў Жлобіне кожны змог пагрузіцца ў атмасферу вакзала саракавых. На платформе моладзь арганізавала рэканструкцыю падзей той страшнай вайны. Толькі сёння гэта было маленькім напамінкам аб сямідзесяцігадовым мінулым - без слёз і гаркаты расстанняў.

А ўжо ў Магілёве - горадзе, які з абласных цэнтраў быў вызвалены другім, літаральна праз некалькі хвілін пасля прыпынку цягніка выстава вагона-музея папоўнілася новымі экспанатамі. Усе яны з пастаяннай прапіскай у Магілёўскім краязнаўчым. Гонар гэтай калекцыі, у якой парадку 15 экспанатаў, кацялок невядомага байца. На ім ледзь прыкметна нажом надрапана "Патронаў няма. Гіну, але не здаюся". Дарэчы, гэты вагон самы папулярны. У ім усяго за два дні пабывалі ўжо 100 тысяч беларусаў.

А на платформе ваенна-палявая кухня, майстар-класы па зборцы зброі і ўрачысты канцэрт, але ўжо выключна для тых, хто за нашу волю ваяваў на фронце. У шпіталі для ветэранаў гучаць песні, з якімі яны ішлі ў бой, а некаторыя і вярталіся дамоў. Дарэчы, тут жа да маладзёжнага праекта далучыліся і прафесійныя артысты

Гэтая паездка ўжо стала сапраўдным марафонам. І не назваць яго нацыянальным нельга. Бо толькі за два дні лакаматыў спыніўся ў пяці гарадах нашай краіны. Павітаць гістарычны састаў на вакзалы прыходзяць людзі розных прафесій, узросту і што самае галоўнае - сем'ямі. Бо, па сутнасці, менавіта агульнае мінулае і такая неабходная сёння памяць аб перамозе, якая ёсць не ў кожнага народа, аб'ядноўвае нас у такія святочныя дні, але і ў цяжкія хвіліны.