Свята здаровага ладу жыцця праходзіць гэтымі днямі пад Мінскам

22 июля 2017

Тры дні і дзве ночы займальных заняткаў, новых адкрыццяў, цікавых конкурсаў і спаборніцтваў. Свята здаровага ладу жыцця праходзіць гэтымі днямі пад Мінскам. Арганізаваў яго асілак і рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса Кірыл Шымко. Адзначу, уваход на фэст бясплатны. Аднак трэба было папярэдне зарэгістравацца і атрымаць запрашэнне.

На мерапрыемстве працуе наш карэспандэнт Крысціна Камыш (прамое ўключэнне).

Тут, за 35 кіламетраў ад сталіцы ў гродзенскім кірунку, на рацэ Іслач зараз выдатнае надвор'е. Свеціць сонца, няма дажджу. А гэта як мінімум палова поспеху. Дакладная колькасць гасцей фэсту будзе вядомая ў нядзелю, калі падвядуць вынікі. Але, паводле прагнозаў арганізатараў, свята здаровага ладу жыцця наведаюць больш як 3 тысячы чалавек.

Арганізатары падрыхтавалі насычаную забаўляльную праграму. Тут усе знойдуць сабе зону па душы: і дзеці, і дарослыя, і экстрэмалы. Тут можна палятаць на паветраным шары, паспрабаваць сябе ў стральбе з лука. Створана шмат тэматычных пляцовак - па крос-фіце, гіравым спорце, воркаўце і нават ёзе. Нядаўна завяршыўся майстар-клас па хіп-хопе. У гэты момант ідзе турнір па армрестлінгу. Але галоўным спаборніцтвам сёння стане перацягванне каната праз Іслач. Будуць дзве каманды, і прайграўшая апынецца ў вадзе.

Завершыцца сёння ўсё дыскатэкай і выступленнем кавер-груп, якія будуць выконваць толькі хіты 80-х і 90-х. Для тых, хто захоча застацца тут пераначаваць, падрыхтаваная кемпінг-зона на 500 палатак. А ў нядзелю ўдзельнікаў чакаюць палявая лазня і майстар-класы па танцах.