Пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі высвятляе, ці ёсць беларусы сярод пацярпелых ад выбуху ў Манчэстэры

23 мая 2017

Пасольства нашай краіны ў Вялікабрытаніі высвятляе, ці ёсць беларусы сярод пацярпелых. Каралеўства назвала інцыдэнт варварскім актам. Паліцыя краіны разглядае здарэнне як тэракт. Паводле апошніх звестак, у выніку выбуху загінулі 19 чалавек, каля 60 параненыя. Усё здарылася прыкладна а першай гадзіне ночы, калі людзі пакідалі канцэрт амерыканскай поп-спявачкі Арыяны Грандэ. У зале знаходзілася больш за 20 000 чалавек, у тым ліку шмат падлеткаў і дзяцей з бацькамі. Відавочцы гавораць, што чулі два магутныя выбухі. Аднак гэтая інфармацыя не пацвердзілася. У зале пачалася паніка, людзі пабеглі да выхаду.

Каля стадыёна дзясяткі паліцэйскіх аўтамабіляў і карэт хуткай дапамогі. Найбліжэйшы вакзал эвакуіраваны. Рух усіх цягнікоў на лініі зблізку арэны спынены. Вуліцы ў раёне заблакіраваныя. Мясцовыя жыхары прапаноўваюць прытулак тым, хто не змог з'ехаць з Манчэстэра. Міжнародная грамадскасць і карыстальнікі сацсетак уражаныя трагедыяй.

Брытанскі прэм'ер перапыніла ўдзел у выбарчай кампаніі. Сёння Тэрэза Мэй правядзе надзвычайнае пасяджэнне з прадстаўнікамі ўрада, паліцыі і спецслужбаў. Напад завуць самай буйной атакай у Вялікабрытаніі пасля трагедыі ў лонданскім метро ў 2005, ахвярамі якой сталі больш як 50 чалавек.