Палярнікі дзявятай Беларускай антарктычнай экспедыцыі вярнуліся на радзіму

23 апреля 2017

Серыя навуковых эксперыментаў, выпрабаванні найноўшага абсталявання і будаўніцтва ўласнай станцыі. Сёння пяць з шасці ўдзельнікаў дзявятай антарктычнай экспедыцыі, старт якой быў дадзены паўгода таму, прыляцелі самалётам з Масквы ў Мінск. Галоўнае выканана: закладзена аснова другога аб'екта - Беларускай антарктычнай станцыі. Праведзены мантаж васьмісекцыённай платформы і санітарна-гігіенічнага блока. Рэалізавана навуковая праграма. Палярнікі вывучылі аэразольна-газавы склад атмасферы і аспекты мікрабіялогіі, апрабавалі новыя тэхналогіі.

Тым не менш, гаварыць пра фактычнае завяршэнне экспедыцыі пакуль рана. Радыёметрыст Вадзім Свідзінскі вернецца ў Мінск напрыканцы мая, а зараз ён суправаджае наш груз на караблі, які вяртаецца ў порт Санкт-Пецярбурга. Разам з гэтым ён выконвае навуковую праграму. Упершыню беларускія даследчыкі правядуць бесперапыннае вымярэнне палярнага трэнду на ўтрыманне азону ад паўднёвай да паўночнай шапкі Зямлі.