Партызанскі парад 1944-га ўзнавілі ў цэнтры Мінска

24 июня 2017

З лета 2017-га у лета 1944-га. 73 гады таму 3 ліпеня Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ўжо праз два тыдні сталіца сустракала сваё першае пераможнае шэсце. Тады ў парадзе прымалі ўдзел больш як 30 тысяч партызан. У руках - сцягі, якія змайстравалі самі. Сёння моладзь рэканструюе партызанскі парад. На цэнтральныя вуліцы сталіцы выйдуць каля паўтысячы чалавек. На Камсамольскай вуліцы, дзе і адбывалася ўсё ў 1944 годзе, пачне рух калона.

Тут зараз працуе наша здымачная група. На сувязі мая калега Наталля Кузьміцкая (прамое ўключэнне).

За мной ужо выстраіліся ўдзельнікі святочнага шэсця. Як вы бачыце, у першым радзе - конніца. 16 ліпеня 1944-га адкрывала парад брыгада "Народных мсціўцаў" імя Варанянскага, за ёй ішлі партызаны і разведчыкі ў поўным баявым узбраенні з брыгад імя Чапаева, Чкалава, Кірава. Вобраз кожнай з іх адлюстраваны ў гэтай рэканструкцыі. Нагадаю, у ёй задзейнічаныя каля паўтысячы чалавек. На галоўнай трыбуне парад рыхтуюцца прыняць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ўдзельнікі партызанскага руху.

І пакуль у нас засталося некалькі хвілін, прапаноўваю даведацца пра тое, як праходзіла падрыхтоўка гэтага праекта ў аднаго з яго арганізатараў - Кацярыны Саўчанкі.

Хачу адзначыць, што рэканструкцыя - гэта цэнтральнае, але не адзінае дзеянне сённяшняга свята. Сваю працу ўжо пачалі разнапланавыя тэматычныя пляцоўкі.

На іх можна паспытаць салдацкую кашу, расшыфраваць пасланне радыста і прайсці ваенны квэст. Увечары на галоўнай канцэртнай пляцоўцы свята загучаць песні ваенных гадоў.

А самыя яркія кадры шэсця ўвечары - у сюжэце ў "Панараме".