Мінскія ліўні пабілі рэкорды 13-гадовай даўнасці

26 июля 2017

Беларускія сіноптыкі паведамілі, што толькі ў сталіцы за суткі выпала амаль 90 % ліпеньскай нормы ападкаў.

Моцная стыхія абрушылася на краіну напярэдадні вечарам. Больш як 280 населеных пунктаў засталіся без святла. Паводле апошніх даных Белэнэрга, аварыйныя працы праходзяць у 18 вёсках.

Паводле інфармацыі МНС, у Мінску акрамя жылых дамоў у вадзе апынуліся 14 участкаў дарог. Быў блакіраваны рух 60 маршрутаў грамадскага транспарту. Ратавальнікі эвакуіравалі восем падтопленых аўтамабіляў і адпампоўвалі ваду. Справіцца з наступствамі непагадзі дапамагала спецтэхніка, камунальнікі і экіпажы ДАІ.

У Гродзенскай вобласці ўдары маланкі справакавалі тры пажары. А ў Брэсцкім рэгіёне без электрычнасці застаюцца 9 населеных пунктаў. Яшчэ ўначы іх было 86. У ліквідацыі наступстваў удзельнічае 41 брыгада. Зафіксавана 15 выпадкаў падзення дрэў на праезную частку ў Баранавіцкім і Івацэвіцкім раёнах.

Сёння непагадзь можа вярнуцца. У Мінску чакаюцца моцныя ліўні, навальніцы, месцамі шквалісты вецер з парывамі да 20 м/с.