Мінск сёння накрыла "зялёная хваля"

27 апреля 2017

Тут праходзіць 44-ы злёт юных інспектараў дарожнага руху. Дзевяць мінскіх каманд змагаюцца за званне лепшых знаўцаў правілаў дарожнага руху. Тэарэтычныя навыкі школьнікі замацоўваюць на практыцы. А запраўляюць свае веды юідаўцы харызматычнасцю і артыстызмам. За няпростымі выпрабаваннямі паназіраў Аляксандр Харавец.

Трапляючы на пляцоўку Палаца дзяцей і моладзі, не адразу разумееш, дзе апынуўся. Наваколле мільгаціць ад рознакаляровых камізэлек удзельнікаў 44-га злёту юных інспектараў дарожнага руху, які адкрылі маштабным флэшмобам. Аднак пасля забаўнай часткі каманды перайшлі да сур'ёзных выпрабаванняў. Спачатку тэарэтычны экзамен на веданне правілаў дарожнага руху. Максімум тры хвіліны і дзясятак пытанняў пераадолены.

Камп'ютарныя тэсты - даволі простае заданне, прызнаецца Ігар Ціманаў. Юным інспектарам дарожнага руху з’яўляецца ўжо трэці год. Аднак іспыты на ўважлівасць даюцца цяжэй за ўсё.

Літаральна ў суседнім пакоі школьнікі аказваюць першую дапамогу ўмоўным пацярпелым. Для Вікторыі Вашкевіч правільна налажыць павязку сур'ёзных цяжкасцей не выклікае. Карысныя навыкі ў рэальных умовах дзяўчына пакуль не прымяняла. Спадзяецца, што і не давядзецца, калі ўсе ўдзельнікі дарожнага руху будуць прытрымлівацца правілаў.

Ну, а гэта самы відовішчны этап. Юныя веласіпедысты павінны былі не толькі бездакорна пераадолець усе перашкоды на двухколым, але і праехаць хутчэй за саперніка. Зрэшты, далёка не ўсе змаглі справіцца з такім заданнем.

Аднак віртуозна кіраваць веласіпедам на такой пляцоўцы недастаткова. Куды цяжэй круціць педалі ў рэальнай дарожнай абстаноўцы. Таму юныя інспектары дарожнага руху перад тым як выязджаць на гарадскія вуліцы абавязкова праходзяць практычнае выпрабаванне – рухаюцца па сігналах рэгуліроўшчыка і абавязкова сочаць за дарожнымі знакамі і разметкай.

Афіцыйныя лічбы радуюць. Аварыйнасць на дарогах сталіцы з удзелам непаўналетніх штогод зніжаецца, дзякуючы ў тым ліку і такім форумам.

Вынікі злёту падвядуць 3 мая. Лепшая каманда прадставіць сталіцу на рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія пройдуць у Барысаве.