Колькасць дзяцей з апёкам стрававода павялічваецца штогод

26 сентября 2016

Манеты, шчолачныя батарэйкі і гузікі... Штодня ў стацыянары Беларусі трапляюць дзясяткі малых. Часцей за ўсё дзеці глынаюць невялікія прадметы - манеты або кавалачкі канструктара, але бываюць і больш сур'ёзныя выпадкі - яны п'юць бытавую хімію або праглынаюць шчолачныя батарэйкі. Менавіта такія сітуацыі разбіралі ў Мінску на медыцынскім форуме. На семінар, дзе вучылі ратаваць маленькіх пацыентаў, сабраліся каля сотні дэлегатаў, сярод іх і міжнародныя спецыялісты. Рэпартаж Крысціны Страх.

За сваё нядоўгае жыццё - усяго тры гады, Назар перажыў ужо дзве сур'ёзныя аперацыі. Кожны дзень хлопчыка пачынаецца з інгаляцый, уколаў антыбіётыкаў і фізіятэрапіі. Дыягназ - татальны апёк стрававода і страўніка. Пяць месяцаў барацьбы - і першы вынік.

Надзея Анашкіна, маці: "Страўнік у нас зараз рабочы, цалкам рабочы, адзіная праблема зараз - стрававод. У канцы красавіка гэта адбылося, так атрымалася, што ў доме апынулася шчолач. Я яе жадала схаваць. Адна секунда, адна секунда літаральна я адвярнулася - гэта справа адной секунды".

Такія секунды вырашаюць лёсы дзяцей кожны дзень. Толькі ў гэтай бальніцы зараз на лячэнні 23 дзіцяці з апёкам стрававода. Гэтая лічба павялічваецца штогод прыкладна на 10 чалавек. Батарэйкі і бытавая хімія - як магніт прыцягваюць маленькіх дзяцей - менавіта там утрымоўваецца шчолач, якая папросту спальвае стрававод.

Вячаслаў Ігнаценка, урач-хірург РНПЦ дзіцячай хірургіі: "Наступствы могуць быць самыя сур'ёзныя - гэта могуць быць рубцовыя змены, звужэнне стрававода, за кошт таго, што ў ім утворыцца рубцовая тканка. Любы рубец сцягвае, любы рубец утворыць звужэнне і рэзкае парушэнне праходжання ежы па страваводзе".

Дапамагчы можа толькі аперацыя. Яшчэ адна праблема - дробныя прадметы, якія глынаюць дзеці: манеты, дэталі ад канструктара і нават залатыя колцы. Менавіта такія "дзіцячыя свавольствы", якія прыводзяць да зусім недзіцячых праблем, абмеркавалі ў Мінску на міжнародным форуме.

Аляксандр Махлін, намдырэктара РНПЦ дзіцячай хірургіі: "Праблема вельмі сур'ёзная, таму што дзіця, якое да гэтага было абсалютна здаровае, якое радавала бацькоў - і ў адно імгненне можа стаць інвалідам. Праблема пачынаецца для дзіцяці, якая доўжыцца гадамі і, самае страшнае, што гэтае дзіця ніколі ўжо здаровым можа не стаць".

І калі ад манет, цацак і залатых упрыгожванняў у страваводзе можна пазбавіцца без асаблівых наступстваў, то шчолачныя батарэйкі могуць прывесці да зусім іншага выніку. Іх урачы называюць галоўнай небяспекай.

На гэтым здымку ў страваводзе ў дзіцяці ўрачы выявілі батарэйку. Паводле слоў бацькоў, дзяўчынка сама дастала яе з цацкі. Такія выпадкі, нягледзячы на цяжкія наступствы, нярэдкія. Выратаваць гэтае дзіця ўрачы не змаглі.

Парады, як пазбегнуць трагедыі, абсалютна банальныя: хаваць бытавую хімію, зачыняць шафы на замок, не даваць малому дробныя цацкі. Напэўна кожны з бацькоў, чые дзеці сёння ляжаць у стацыянары, ведалі пра небяспеку. Ведалі, але прадухіліць не змаглі.