Кардыяхірургі, навукоўцы і пацыенты абмеркавалі ў Мінску праблемы сардэчнай недастаковасці

22 мая 2017

Метады дыягностыкі і лячэння сардэчнай недастатковасці абмеркавалі ў Мінску падчас дзён ведаў. У не зусім звыклым фармаце кардыяхірургі, навукоўцы і пацыенты абмяркоўвалі справы сардэчныя.

Што павінна быць у рацыёне, якія фізічныя нагрузкі дазваляюцца? Для людзей з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы кардыёлагі склалі меню на кожны дзень, распрацавалі комплекс гімнастычных практыкаванняў і нават мабільны дадатак. Аляксандра Драгун працягне тэму.

6 жніўня 2009 – дзень другога нараджэння Вячаслава Дзяругі. Хутка 8 гадоў, як у мужчыны б'ецца донарскае сэрца. Тады Вячаслаў быў восьмым у Беларусі, каму зрабілі гэту складаную аперацыю. Як і да перасадкі органа, мужчына актыўна займаецца спортам і самастойна вядзе ўласны бізнес.

Сапраўды, тут, бадай, толькі па дрэс-кодзе – футболцы з сардэчным малюнкам - можна адрозніць тых, хто перажыў трансплантацыю. Згодна са статыстыкай, ад захворванняў сэрца пакутуюць 13 % дарослых мінчан. Як папярэдзіць хваробу, як правільна жыць з такім дыягназам - адказы далі дні ведаў аб сардэчнай недастатковасці.

Ад спагеці з кальмараў і рулетаў са скумбрыі да запяканкі з каляровай капусты і ягаднага смузі. Спецыяльнае меню з карыснымі стравамі на кожны дзень тыдня склалі кардыёлагі для сваіх пацыентаў. Прэзентавалі яго і навучылі гатаваць падчас кулінарнага майстар-класа.

Пасля дэгустацыі – фізічныя практыкаванні і медытацыя на свежым паветры, дзе пацыенты засвоілі некаторыя практыкаванні ўсходняй гімнастыкі.

Для людзей з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы спецыялісты лабараторыі падрыхтавалі мабільны дадатак. Літаральна праз месяц ён з'явіцца на платформе Android. Гэта электронны дзённік з падрабязнай інфармацыяй аб лячэнні і дыягностыцы сардэчнай недастатковасці. Накшталт будзільніка ён будзе інфармаваць аб прыёме лекаў на працягу дня. Галоўнае, што пацыент у рэжыме анлайн будзе дзяліцца інфармацыяй аб стане свайго здароўя з урачом.

Карысныя парады кардыёлагі далі і маленькім пацыентам. Праз творчасць і сродкі выяўленчага мастацтва вучылі захоўваць здароўе сваіх сэрцаў.