Капрызы надвор'я не парушылі планаў беларусаў папрацаваць на агульную карысць

22 апреля 2017

Пацверджанне таму - тысячы добрых спраў па ўсёй краіне. І далёка не першы год у рэспубліканскім суботніку прымаюць удзел людзі самых розных прафесій - ад працоўных заводаў да міністраў. Праца на мемарыяльных комплексах, будоўлях, рэканструкцыях, і проста ўборка тэрыторый. Дарэчы, сёлета асаблівая ўвага - лясам Беларусі. Падрабязнасці ў нашага карэспандэнта Аляксандра Камовіча.

Паводле добрай традыцыі, тысячы беларусаў прымаюць удзел у рэспубліканскім суботніку. Толькі на гэтай пляцоўцы, каля Нацыянальнага аэрапорта Мінск, будзе высаджана каля 5 гектараў новага лесу. І, нягледзячы на пераменлівае надвор'е, усе прыходзяць сюды толькі з добрым настроем.

Сёлета асаблівая ўвага надаецца аднаму з галоўных багаццяў краіны - лясам. Пасля леташняга ўрагану, які прынёс у Беларусь самыя маштабныя разбурэнні ў гісторыі лясной гаспадаркі краіны, загінула каля 5 мільёнаў кубаметраў драўніны. Пры гэтым больш як 80% шкоды прыпала на лясы Мінскай вобласці. У адным з самых пацярпелых ад стыхіі раёнах, Смалявіцкім, з самай раніцы кіпіць праца.

Курган Славы - традыцыйная пляцоўка для прафсаюзаў. Асноўная задача сёння - навесці парадак і падрыхтаваць мемарыял да Дня Перамогі і будучай закладцы памятнай алеі. Тут усталююць спецыяльныя стэнды.

Ішла справа сёння і ў сталіцы. Так, на галоўным аб'екце другіх Еўрапейскіх гульняў - стадыёне "Дынама" - поўным ходам ідзе рэканструкцыя. Ужо праз 2 гады Мінск прыме найбуйнейшыя спаборніцтвы за ўсю гісторыю правядзення спартыўных турніраў у Беларусі.

На Макаёнка, 9 у суботнюю раніцу мікрафоны і камеры замянілі на рыдлёўкі, граблі і венікі. Сёлета работнікі Белтэлерадыёкампаніі пасадзілі алею з туй і займаліся генеральнай уборкай дваровай тэрыторыі. У найбліжэйшых планах зрабіць зялёны парк з разнастайнымі раслінамі і дрэвамі. Не спалохала журналістаў холдынга і няўтульнае надвор'е.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Для таго, хто працуе, надвор'я не існуе. Для таго, хто працуе, існуе мэта зрабіць нешта, змяніць да лепшага. Планамерна па суботніках, акрамя агульных узносаў у агульную скарбонку нашай краіны, на добрыя мэты мы традыцыйна паляпшаем нашу тэрыторыю, каб тут было зручна летам і творчыя планы выношваць, размаўляць і нават падводкі журналістам здымаць на фоне прыгожа пасаджаных дагледжаных газонаў".

А кіраўніцтва сталіцы сёння працавала на будаўніцтве трэцяй лініі метрапалітэна. Станцыя "Вакзальная" - адзін з ключавых аб'ектаў падземкі. Менавіта тут Андрэй Шорац прыняў удзел у бетанаванні маналітнай пліты, якая стане апорай для працы механізаванага праходчага комплексу.

Не менш актыўна да суботніка падключыліся і рэгіёны. Так, у Гродзенскай вобласці прыводзілі ў парадак палацава-паркавы ансамбль Валовічаў. Велічны будынак італьянскага скульптара - сапраўдны помнік старажытнага дойлідства ў беларускай глыбінцы. Валанцёры ж з абласнога цэнтра зрабілі падарунак гораду ў выглядзе тысяч новых дрэў.

Дачная хатка Купалы, набярэжная Дняпра і векавая ліпавая алея. Валанцёры з паўночнага рэгіёна краіны разам з губернатарам вобласці сёння працавалі ў мемарыяльна-гістарычным комплексе "Ляўкі". Каб прыцягнуць сюды яшчэ больш турыстаў, удзельнікі суботніка пачалі працу па навядзенні парадку і ў прыдарожных зонах.

А ў Гомелі працаўнікам рэспубліканскага суботніка часам даводзілася працаваць па чарзе - з-за вялікай колькасці ўдзельнікаў на ўсіх не хапіла інвентару. Праўда, гэта не перашкодзіла навесці парадак як на працоўным месцы, так і на прылеглых тэрыторыях.

Уся ўвага магілёўскага працоўнага дэсанта - анкадыспансеру. Чатырохпавярховы будынак у будучыні дазволіць штодня праводзіць да 20 складаных аперацый. Ужо сёлета корпус прыме першых пацыентаў.

Каб разгрузіць Брэст ад транспартных патокаў, мясцовыя жыхары сёння выйшлі на пляцоўку будаўніцтва развязкі "Заходні абход". Самы ж масавы суботнік рэгіёна - у Брэсцкай крэпасці. У мемарыяльным комплексе сёння сабраліся больш як 500 валанцёраў.

У невялікім горадзе Стоўбцы шматлікія мясцовыя жыхары з нецярпеннем чакаюць уводу новага дзіцячага садка. За тры гады ў Мінскай вобласці запрацавалі 10 устаноў для дашкалят, праўда, пакуль, гэтага недастаткова. Таму здаць трохпавярховы будынак у Стоўбцах плануецца ўжо сёлета. Сёння на будоўлі пабывалі прадстаўнікі выканкама, а таксама губернатар вобласці.

Да суботніка сёння падключыліся і вайскоўцы. Усяго больш як 50 тысяч вайскоўцаў па ўсёй краіне. У цэнтры іх увагі - мемарыялы і помнікі, у месцах баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны. На працы выйшлі і афіцэры цэнтральнага апарата МУС, змяніўшы міліцэйскую форму на працоўную, праваахоўнікі добраўпарадкавалі бераг Свіслачы.

Адна з візітных картак Беларусі - гэта чыстыя вуліцы, дагледжаныя абочыны і прыгожыя лясы. А дасягнуць такога і трымаць марку можна толькі сумеснымі намаганнямі. Таму суботнік - гэта як уклад кожнага беларуса ў агульную скарбонку нашага дома.