З-за высокай вільготнасці здарыліся перабоі ў працы святлафораў

21 февраля 2017

Надвор'е сёння паўплывала на транспартны рух сталіцы. З-за высокай вільготнасці здарыліся перабоі ў працы святлафораў. Раніцай на працягу некалькіх гадзін рух на буйных скрыжаваннях рэгулявалі інспектары. Сярод магістраляў, дзе выйшлі са строю электронныя рэгуліроўшчыкі, - праспект Пушкіна і вуліца Прытыцкага. Зараз тэхнічныя службы ўжо аднавілі працу святлафораў. Сур'ёзных затораў і ДТЗ удалося пазбегнуць.

Сяргей Заранік, начальнік аддзела па агітацыі і прапагандзе УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама: "З-за мокрага снегу і дажджу дзе-нідзе адбывалася замыканне і паадключаліся святлафоры. Дзяржаўтаінспекцыя накіравала ўсе свае сілы для нармалізацыі дарожнага руху, каб удзельнікі дарожнага руху маглі бяспечна праехаць на рабочыя месцы".

Дажджлівае надвор'е, а таксама моцны вецер захаваюцца і заўтра – аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. Тэмпература паветра чакаецца каля нуля. Раніцай магчымы галалёд. У сувязі з гэтым супрацоўнікі ДАІ нагадваюць вадзіцелям: неабходна быць уважлівымі і захоўваць дыстанцыю бяспекі.