Гіганцкі пірог выпекуць ў Мінску на Яблычны Спас

18 августа 2017

Плануецца, што памеры кулінарнага шэдэўра складуць 2,5х2,5 метра. Пірагом пачастуюць жыхароў і гасцей сталіцы, якія наведаюць свята ў Лошыцы. Дарэчы, лічыцца, што менавіта з Яблычнага Спаса можна ласавацца спелымі пладамі новага ўраджаю.

Аднак спецыялісты сцвярджаюць: сучасныя сарты фруктаў выводзяцца з улікам іх наяўнасці на нашым стале круглы год.

Каб пераканацца ў гэтым, Ларыса Гулякевіч адправілася ў Самахвалавічы ў Інстытут пладаводства. Паводле народнага славянскага календара, на пачатку гэтага тыдня 14 жніўня адзначалі Макавей ці Мядовы Спас. З гэтага ж дня пачаўся і Успенскі пост – самы кароткі і строгі. Але частавацца спелымі пладамі - яблыкамі ды грушамі - можна толькі з 19 жніўня на Яблычны Спас. З гэтага дня прырода паварочваецца ад лета да восені і зімы.

Жнівень багаты на народныя царкоўныя святы. Першы - Спас Мядовы, другі - Яблычны, трэці – Хлебны ці Арэхавы. З гэтых дат пачынаецца восень. Птушкі адлятаюць у вырай, але галоўнае - пачынаецца вялікі збор ураджаю.

У Інстытуце пладаводства ў Самахвалавічах збор гатункаў «Алена» ідзе поўным ходам, збіраюцца і спелыя грушы. У кожнай культуры свой тэрмін выспявання.

У Год навукі спецыялісты падрыхтавалі некалькі селекцыйных навінак, якія пры найменшай хімічнай апрацоўцы доўга захоўваюцца, маюць прыемны смак і форму, даюць ураджай кожны год. Што ж, народныя святы застаюцца толькі традыцыяй?

Прыехалі ў самахвалавіцкія сады і манашкі з Мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра. Яблыкаў трэба набраць на ўсіх да свята Яблычны Спас.

29 жніўня - трэці Спас - Хлебны ці Арэхавы. Хлеб выпякаюць са збожжа новага ўраджаю, а яшчэ збіраюць лясныя арэхі.