У Мінску праходзіць выстава дэкаратыўных мядзведзяў

17 апреля 2017

Экспазіцыю падрыхтавала калекцыянер Вольга Дзеранчук. У вітрынах - 60 касалапых, зробленых уручную. І яшчэ паўтары сотні мядзведзяў, набытых майстрам падчас вандровак. Гэта адметныя сувеніры з Польшчы, Швейцарыі, Аўстрыі, Германіі. Некаторым з іх па 70-80 гадоў. Падрабязна Юлія Токар.

На савецкіх паштоўках - амаль тысяча плюшавых мядзведзяў. Літаральна з кожным Вольга Дзеранчук знаёміць свайго маленькага сына. А яшчэ ў іх кватэры мядзведзі ў выглядзе таршэра, вышыванкі і зробленыя з воўны. Майстар калекцыянуе касалапых, рэстаўрыруе іх і сама вырабляе мядзведзяў у адмысловай тэхніцы.

Прычым плюшавых сяброў Вольга стварае непасрэдна ўручную - з футра, плюшу і альпака. А каб цацка была жывой, і яе пастаянна хацелася абдымаць, унутры медзведзянят - натуральныя матэрыялы.

У калекцыі майстра больш за паўтары тысячы мядзведзяў - аўтарскія, вінтажныя, антыкварныя. Многіх Вольга з сынам збіраюць падчас вандровак. Гэта адметныя пухнатыя сувеніры з Польшчы, Швейцарыі, Аўстрыі, Германіі.

Зараз у сталіцы ладзіцца персанальная выстава Вольгі Дзеранчук. Гэта першая экспазіцыя ў горадзе, прысвечаная плюшавым мядзведзям.

Усе экспанаты непаўторныя. Кожная цацка створана толькі ў адзіным экзэмпляры. Тут мішка-шчаўкунчык, а яшчэ ў выглядзе камода, ігольніцы. Цікава, што ў свеце амаль 20 музеяў з плюшавымі мядзведзямі. Сваіх беларускіх Тэдзі Вольга Дзеранчук штогод дэманструе на міжнародных выставах у Германіі і Расіі.