У Мар'інай Горцы прайшоў фестываль песні і музыкі "Майскі вальс"

17 мая 2016

Рэгіянальны фестываль песні і музыкі "Майскі вальс" на прыз народнага артыста Беларусі Ігара Лучанка прайшоў у Мар'інай Горцы. Дарэчы, гэта малая радзіма кампазітара. У фестывалі прынялі ўдзел народныя і ўзорныя калектывы, выканаўцы з усёй краіны. На свяце музыкі пабывала і Надзея Сербіненка.

Мар'іна Горка на адзін дзень ператварылася ў вялікую канцэртную пляцоўку. Выканаўцы беларускай ваенна-патрыятычнай песні сталі ўдзельнікамі фестывалю «Майскі вальс».

Сваю назву фестываль атрымаў невыпадкова. Песня, напісаная кампазітарам Ігарам Лучанком і паэтам Міхаілам Ясенем, упершыню прагучала ў 1985 годзе. Яе выканаў народны артыст Беларусі Яраслаў Еўдакімаў на Усесаюзным тэлефестывалі «Песня года». З таго часу «Майскі вальс» стаў песняй - сімвалам Вялікай Перамогі.

І сёння песні Ігара Лучанка гучаць са сцэны і натхняюць маладых выканаўцаў. Шосты раз фестываль ваенна-патрыятычнай песні «Майскі вальс» сабраў харавыя і народныя калектывы, музыкантаў-інструменталістаў, выканаўцаў на пухавіцкай зямлі.

Дуэт Марыі і Дзіяны адкрывае канцэртную праграму. Вакалісткі выконваюць адну з самых кранальных песень - «Хатынь».

У наступным годзе фестываль песні «Майскі вальс» зменіць прапіску. Сёмы раз ён збярэ выканаўцаў патрыятычнай і ваеннай песні і музыкі ў Бабруйску. Але, як і раней, пройдзе ў маі.