Тэлеверсію адкрыцця "Славянскага базару" пакажуць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24"

13 июля 2017

Віцебск у прадчуванні афіцыйнага адкрыцця XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар". Урачыстая цырымонія адбудзецца ўвечары. Тэлеверсію адразу пасля "Панарамы" ў 10 вечара пакажуць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Знакавымі падзеямі напоўнены ўвесь дзень. Сёння адбудзецца адкрыццё імянной зоркі Тамары Гвердцытэлі, журы аб’явіць імёны пераможцаў дзіцячага спаборніцтва. А ўдзельнікі конкурсу выканаўцаў эстраднай песні даведаюцца, пад якімі нумарамі выступяць у паўфінале.

Фестывальны Віцебск у чаканні самага насычанага дня "Славянскага базару". У праграме міжнароднага форуму распісана кожная гадзіна.

Гасцей і ўдзельнікаў чакаюць лялечныя спектаклі, выставачныя праекты, вулічны фэст "На сямі вятрах". Сёння ж адбудзецца і адкрыццё міжнароднага прэс-цэнтра. Сёлета на фестываль акрэдытаваныя прадстаўнікі больш як ста сродкаў масавай інфармацыі.

Напярэдадні вечарам галоўнымі ньюсмейкерамі сталі ўдзельнікі гала-канцэрта "Я люблю фестываль". На сцэне Летняга амфітэатра святочны настрой публіцы дарылі выканаўцы з Беларусі і Расіі.

Асаблівы дзень сёння і для ўдзельнікаў міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу. Зусім хутка стануць вядомыя імёны пераможцаў і ўладальніка Гран-пры. За перамогу змагаліся ўдзельнікі з дваццаці адной краіны.

Апоўдні ўвага журналістаў будзе прыкаваная да Плошчы лаўрэатаў. Тут з'явіцца імянная зорка ўладальніка Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і паразумення". Сёлета высокай узнагароды ўдастоена Тамара Гвердцытэлі.

Таксама на Плошчы зорак пройдзе жараб'ёўка на паўфінал міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні. Беларусь прадставіць Ягор Шаранкоў. Ну, і вядома, доўгачаканая падзея - урачыстае адкрыццё міжнароднага форуму мастацтваў. У Летнім амфітэатры пазыўныя прагучаць ужо сёння вечарам.