Сёння Міжнародны дзень роднай мовы

21 февраля 2017

Пра культурную разнастайнасць і знікаючыя традыцыі гэтая дата нагадвае ўжо 18-ы раз. Але для ў Беларусі тэма сёлета загучыць па-новаму. Бо краіна адзначыць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

Пра скарынаўскі пачатак - сюжэт Наталлі Бардзілоўскай. Вядома, наша беларускае слова старэйшае за само беларускае кнігадрукаванне, яно існавала і развівалася задоўга да Скарыны. Але, калі больш за 500 гадоў таму старабеларуская мова насіла гутарковы характар, то пры тэхналогіях, адкрытых першадрукаром Францыскам, яна стала больш сістэмнай, набыла правілы і стала тым агульным кодэксам, якім пачалі карыстацца ўсе.

Мова, на якой пісалі статуты, дзелавыя дакументы, жыціі, хаджэнні і летапісы, — мова Францыска Скарыны. Законы вымаўлення і напісання Скарына пакінуў у Бібліі. Евангелле для грамадзян Вялікага Княства Літоўскага першадрукар пераклаў на асаблівую мову – аб'яднаў чэшскую і царкоўнаславянскую традыцыі. Такі ўпарадкаваны Скарынам класічны старабеларускі стыль нават нашымі сучаснікамі ўспрымаецца лёгка. Але слоў цяжкіх для разумення нямала: сам асветнік іх тлумачыў глосамі – пазнакамі на палях. "Лата" - невялікая драўляная палка. "Хрысціна" - хварасціна. Гэта тое, што сёння выйшла з выкарыстання. З таго скарынаўскага, што перажыло 500 гадоў і сёння намі вымаўляецца, словы "шлюб", "лагодны", "вяселле", "шыбеніца".

Родапачынальнік беларускіх слоўнікаў. А яшчэ Скарына – адзін з першых пісьменнікаў і дакладна наш першы паэт. Адзін з найбольш ранніх вершаў па-беларуску – са скарынаўскай кнігі святога Іова. Яна пабачыла свет у 1517 годзе. Роўна 500 гадоў таму.

Усе арыгінальныя тэксты Скарыны, яго прадмовы і пасляслоўі ў перакладзе на сучасныя мовы XXI стагоддзя: беларускую, рускую і англійскую - з гэтага года даступны для вывучэння і суайчыннікам, і замежнай супольнасці. Нацыянальная бібліятэка Беларусі разам з мецэнатамі выпусціла ў свет 20 тамоў факсіміле кніжнай скарынаўскай спадчыны. На апошняй выставе-кірмашы выданне атрымала Гран-пры. Да юбілею беларускага кнігадрукавання Акадэмія навук завяршае фундаментальную працу – з 80-х штогод і бесперапынна ішло выданне 33-томніка "Гістарычны слоўнік беларускай мовы".