"Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці"

19 июня 2017

"Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці" - такі памятны знак будзе ўсталяваны ў адным з найстарэйшых гарадоў краіны.

Конкурс на яго стварэнне выйграў скульптар Уладзімір Піпін. Знак уяўляе сабою мноства шчытоў, на якіх намаляваны гістарычныя асобы, што фарміравалі нашу дзяржаву. На адваротным боку знакавыя для нацыянальнай духоўнасці сімвалы - ад Сафійскага сабора да пячаткі Полацка. Памятны знак будзе ўсталяваны на паўтараметровы пастамент у выглядзе валуна. Сам манумент, 5 з паловай метраў вышынёй, будзе выліты з бронзы. Зараз ідзе працэс павелічэння эскізнага варыянту да рэальных памераў.

Памятны знак будзе ўсталяваны на пляцоўцы каля Сафійскага сабора на адлегласці 100 метраў ад яго. Адкрыццё запланавана на 2 верасня, калі ў Полацку будуць праходзіць Дні беларускага пісьменства. Нагадаем, сёлета яны прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.