На галоўнай сцэне "Славянскага базара" чакаецца адразу некалькі аншлагаў

17 июля 2017

Сёння ў Віцебску на галоўнай сцэне "Славянскага базара" чакаецца адразу некалькі аншлагаў. У Летнім амфітэатры з сольнай праграмай выступіць Валерый Меладзэ, а ў дзесяць вечара адбудзецца гала-канцэрт закрыцця міжнароднага форуму мастацтваў. Прамую трансляцыю цырымоніі будуць весці тэлеканалы "Беларусь1" і "Беларусь 24". Сёння ж сваю працу завяршае і міжнародны прэс-цэнтр. Зараз журналісты рыхтуюць пытанні Ёрданцы Хрыставай. Прэс-канферэнцыя адбудзецца менш як праз гадзіну. Сёлета заслужаная артыстка Балгарыі ўзначаліла журы міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні. Хто стане пераможцам, стане вядома на канцэрце закрыцця. Нагадаем, па выніках конкурсу наш Ягор Шаранкоў і прадстаўнік Украіны Улад Сытнік набралі аднолькавую колькасць балаў.

Сёння ў фестывальнай афішы адразу два спектаклі. Трагедыя "Макбет" і драма "Мужчынскі водар". Тэатральныя пастаноўкі чакаюць гасцей "Славянскага базара" і на вуліцах горада: праграму для дзяцей і дарослых падрыхтавалі ўдзельнікі праекта "На сямі вятрах".