Кітай першы дапамог Беларусі ў аднаўленні музейных фондаў пасля Вялікай Айчыннай вайны

18 апреля 2017

Эксклюзіў "Панарамы". Цікавы факт: насуперак адлегласці на 6 500 кіламетраў менавіта Кітай першы працягнуў руку дапамогі Беларусі ў аднаўленні музейных фондаў пасля Вялікай Айчыннай вайны. Пра моцную сувязь нашага Нацыянальнага музея з найбуйнейшымі зборамі мастацтва Кітая працягне аповед Іна Пілевіч.

Яны аднымі з першых падтрымалі нашу краіну ў складаныя пасляваенныя гады. Міністэрства культуры Кітая ў 1957 годзе перадало тады яшчэ савецкай Беларусі вялікую калекцыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва апошняй кіруючай дынастыі Цін. У тыя часы - неацэнная дапамога цяперашняму Нацыянальнаму мастацкаму музею, разрабаванаму акупантамі. Па сутнасці, фарміраваць фонды прыходзілася зноўку.

Алена Сенькевіч, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: 

"Мы атрымалі тады вялікую колькасць твораў фарфору, перагародчатыя эмалі, лакі і нават некаторыя творы жывапісу. Паступова мы гэтую калекцыю папаўнялі, прадуктыўнымі былі 80-я, калі мы купілі даволі вялікую колькасць прадметаў у прыватных зборах Масквы і Пецярбурга".

Экзотыка ў сталай экспазіцыі. 10 гадоў таму ў новай прыбудове музея асобнае месца адвялі краінам Усходу. І сэрца гэтай калекцыі - творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кітая. Усяго ў нашых фондах захоўваецца больш за тры сотні прадметаў з краіны Усходняй Азіі.

Найстарэйшыя прадметы калекцыі - селадоны XVI-XVII стагоддзяў. Так у керамічнай вытворчасці завуць асаблівы тып палівы зялёнага адцення. Наведвальнікі музея з заміраннем сэрца слухаюць пра складаны тэхналагічны працэс яе вырабу. Дарэчы, у сярэднявечнай Еўропе кітайскі фарфор шанаваўся як найкаштоўнейшая рэч і сёння з'яўляецца прадметам калекцыянавання.

Асаблівае месца ў зборы мастацтва Усходу займае вось гэты чайны сервіз. Ён быў падораны кітайскім урадам Іосіфу Сталіну да 70-годдзя. Набор посуду ўключаў у сябе гэтак шмат прадметаў, што было вырашана падзяліць яго паміж вядучымі музеямі Савецкага Саюза, у тым ліку і беларускім мастацкім.

У наступным годзе традыцыйнаму мастацтву Кітая адвядуць некалькі залаў. У Мінск даставяць маштабную выставу з Пекіна. А вось беларусы пакажуць свае работы на ўсходзе ўжо ўвосень. У кастрычніку 40 твораў будуць прэзентаваныя ў кітайскай сталіцы.