Дуэт карцін і высокай моды прэзентавалі ў беларускай сталіцы

11 августа 2017

Спалучэнне абстракцый на палатне і твораў з тканіны прывезлі з Масквы мастак Іскандэр Ільязаў і мадэльер Ніна Кавальчук. Эклектычны тандэм існуе ўжо два гады. Аб спляценні выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - наш культурны аглядальнік Вольга Мядзведзь.

Адзіныя ў свеце абстрактныя карціны, рэалізаваныя ў мадэлях з тканіны. Паводле геаметрычных прац алеем на палатне Іскандэра Ільязава мадэльер Ніна Кавальчук стварыла цэлую калекцыю ўбораў. У экспазіцыі карціны дапаўняюць касцюмы і наадварот. Існаванне паасобку немагчыма.

Адзенне не прызначанае для таго, каб яго насілі. Уборы - гэта тыя ж карціны, толькі аб'ёмныя і не на сцяне, а на манекенах. У Мінску прадэманстраваны два дзясяткі мадэльных вобразаў. Кожны экспанат аб'ядноўвае несумяшчальныя матэрыялы, напрыклад, фетр і шоўк. У якасці аксесуараў - сумачкі, кулоны і рамяні з перапрацаваных металаў. Ранейшае смецце стала арт-аб'ектамі.

Маскоўскі абстракцыяніст аддае перавагу нашым нацыянальным матэрыялам. Кожная карціна напісана алеем на беларускім лёне. На палатне знайшлі адлюстраванне ўспаміны аб Лазурным беразе Кан, дзе майстар правёў частку свайго жыцця. Адтуль і стракаты каларыт. Зараз геаметрыя Іскандэра Ільязава папаўняе буйныя зборы па ўсім свеце, адна з калекцый ацэньваецца ў мільярд долараў.

Мастацкія вобразы на лёне не маюць назваў. У кожнай карціны толькі парадкавы нумар. Дарэчы, праца сто шэсць перададзена ў фонд Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.