Вялікі тэатр Беларусі ўпершыню пакажа спектакль "Ор і Ора"

28 июня 2017

У Мінску сусветная прэм'ера балета. Гэтым вечарам Вялікі тэатр Беларусі ўпершыню пакажа спектакль "Ор і Ора". Работу над пастаноўкай на працягу года вяла беларуска-расійская каманда. У аснове - падзеі апавядання "Людзі і арлы", якое напісаў наш вядомы зямляк, бізнесмен і мецэнат Вячаслаў Заранкоў. Сёння ён прыбудзе ў беларускую сталіцу, каб ацаніць спектакль і пагутарыць з журналістамі. А напярэдадні прайшла генеральная рэпетыцыя пастаноўкі.

Міхаіл Крылоў, кампазітар, Расія: "Зараз вельмі мала новых балетаў у прынцыпе ў свеце. Далёка не ўсе рызыкуюць зрабіць пастаноўку на абсалютна новым матэрыяле. А ў нас усё з нуля. І мінскі тэатр узяўся за гэтую працу. Я ім удзячны за тое, што не пабаяліся прапанаваць публіцы абсалютна новы матэрыял".

"Ор і Ора" завяршае чарговы сезон Вялікага тэатра Беларусі. Трупа адправіцца ў водпуск. Вялікі зноў расчыніць дзверы 8-га верасня. Юбілейны, 85-сезон, пачнецца прэм'ерай новай версіі оперы "Травіята".