"Беларусьфільм" працуе над новым прыгодніцкім праектам "Скачок саламандры"

21 августа 2017

Геймеры ў палацава-паркавым ансамблі "Нясвіж" шукаюць скарб... "Беларусьфільм" і рэжысёр Ігар Чацверыкоў працуюць над новым прыгодніцкім праектам "Скачок саламандры". Гэта жанравы фільм з максімумам дынамікі і адсылкамі да беларускай гісторыі. Для чаго заваёўнікам віртуальных светаў скарбы магнацкага роду Радзівілаў? Даведвалася Вольга Мядзведзь.

Гэта манета з гербом княжацкага роду Радзівілаў не эксклюзіў археалагічных знаходак, а кіношны муляж. Для кінанавінкі "Скачок саламандры" зрабілі шэраг гістарычных фікцый. Адна з іх - лічыльная машына Якабсона, якая захавалася ў піцерскай Кунсткамеры. Механічнае прыстасаванне XVIII стагоддзя было створана ў Нясвіжы. Вядома, для здымак арыгінал не пазычылі. Мастакі кінастужкі ствараюць дакладную копію па фотаздымках.

Фальсіфікат сярод радзівілаўскіх дакументаў. На стэлажах побач з магнацкімі паперамі схавана якасная падробка. Спецыяльна для кінастужкі мастакі літаральна за дзве ночы стварылі вось такое завяшчанне, якое па сюжэце служыць падказкай для юных шукальнікаў.

Пяцёра школьнікаў, яны ж геймеры дванаццаці - чатырнаццаці гадоў (менавіта на такую ўзроставую катэгорыю разлічваюць стваральнікі), шукаюць скарб у Нясвіжы. За знойдзеныя каштоўнасці дзеці плануюць паўдзельнічаць у прэстыжным спаборніцтве віртуальшчыкаў.

Сярод пляцовак і Браслаўскія азёры. У прыгодніцкім фільме будуць складаныя ў выкананні трукі, часам небяспечныя для жыцця. Дзеці-акцёры выконваюць іх самастойна пад страхоўкай каскадзёраў. Самы эфектны – падводныя здымкі. Для гэтага нанялі спецыяльную здымачную групу.

Задзейнічана і Бабруйская крэпасць. Рэч у тым, што ў магнацкім гняздзе няма патрэбнага для фільма падзямелля. У Бабруйску ёсць. Па сюжэце, адзін з герояў туды павінен праваліцца. Зноў жа, юны акцёр выконвае трук сам.

Плануецца, што глядач ацэніць прыгодніцкую стужку ўжо ў пачатку 2018 года.